Менскі «Тэатр Горада сяброў» на фестывалі «Одэ»
З аншлагам і выкрыкамі «Брава!» прайшоў у Беластоку спектакль «Не хачу быць прынцэсай». П’еса пастаўлена гасцямі фестывалю «Одэ» акторамі «Тэатру Горада сяброў» з Менску. Галоўная думка спектакля пра прыняцце сябе, была агучана ў час разгортвання казачнай гісторыі, у стварэнні якой удзельнічалі акторы і гледачы – дзеці з беларускамоўных і польскамоўных школ і дзіцячых садкоў.
Уражаннямі пра першы досьвед выступлення ў польскамоўным асяродку дзеляцца акторы Павел і Ганна Харланчукі:
– Усё зразумела, на любой мове можна было дамовіцца. Усё праз гульню робіцца. Я таксама палову не разумеў, што яны мне казалі. Мы гатавалі ежу – гэта ж міжнародны занятак.
– Але мы ўпершыню выступалі перад небеларускамоўнай публікай. І гэта быў цікавы вопыт для мяне. І не было ніякіх пытанняў.
У час фестывалю гэтая тэатральная суполка прадставіла яшчэ і спектакль «Мара вусеня», які прайшоў у Доме Праваслаўнай Культуры ў Бельску Падляшскім. Сцэногараф абедзвюх пастановак – Вольга Конева.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота Facebook