Месцы памяці пра Нёманскую бітву з’явяцца ў розных кутках Падляшша



Прадстаўнікі 14-ці самаўрадаў атрымалі памятныя шыльды, якія прыгадваюць пра падзеі верасня 1920 года. Гэта ініцыятыва Управы Падляшскага ваяводства і ваяводскіх радных, звязаная з сотай гадавінай перамогі над бальшавікамі.

Кажа маршалак ваяводства Артур Касіцкі:

– Сёлета мы адзначаем стагоддзе польска-бальшавіцкай вайны. Мы ўсе ведаем пра Варшаўскую бітву, якая тады адбылася і стала вызначальнай падзеяй з пункту гледжання той вайны. Але не ўсе ведаюць пра такой самай важнасці падзею, якой была Нёманская бітва. Бітва, якая разгарнулася на тэрыторыі нашага ваяводства. Таму супольна з чальцамі Управы мы хацелі адзначыць тыя месцы, у якіх адбывалася гэтая бітва.

Нёманская бітва – гэта другая па значнасці перамога польскага войска, пасля Цуду над Віслай, якая завяршыла разгром Чырвонай Арміі Заходняга фронту і ў канчатковым выніку прывяла да падпісання Рыжскай мірнай дамовы.

Яна  Запольская, Беларускае Радыё  Рацыя

Фота прадастаўлена прэс-службай Маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства