Мігранты абнавілі рэкорд на мяжы Беларусі і Польшчы



Пра чарговую рэкордную колькасць мігрантаў, якіх спынілі польскія памежнікі на мяжы з Беларуссю, паведамілі ў памежным ведамстве Польшчы. 

Папярэдні рэкорд пратрымаўся ўсяго некалькі дзён. У аўторак, 28 верасня, былі папярэджаныя 473 спробы нелегальнага пераходу мяжы, у чацвер — ужо 529.

18 мігрантаў былі затрыманыя, гэта грамадзяне Ірака. Астатнія спробы перайсці мяжу па-за пунктамі пропуску былі спыненыя.

Акрамя таго, у ведамстве расказалі пра затрыманне яшчэ 4 чалавек за дапамаганне ў парушэнні мяжы. Усяго ў верасні польскія памежнікі зафіксавалі 7535 спробаў перасекчы мяжу.

Напярэдадні польскі Сейм ухваліў падаўжэнне рэжыму надзвычайнага становішча яшчэ на 60 дзён у памежных з Беларуссю рэгіёнах.