Мігранты пакутуюць, пакуль палітыкі дыскутуюць



Пакуль палітыкі востра дыскутуюць, абвінавачваюць іншых, робяць гучныя заявы – на беларуска-польскай граніцы пакутуе групка мігрантаў. Іх сітуацыя выглядае невырашальнай, але доўга жыць на мяжы – не атрымаецца. 

Сітуацыя з мігрантамі каля падляшскай вёскі Уснар не сыходзіць з першых старонак СМІ. Як польскіх, так і беларускіх, у тым ліку дзяржаўных. Коратка прыгадаю. Пасля таго, як Літва пачала масава вяртаць нелегальных мігрантаў, выхадцаў пераважна з Іраку, Сірыі, Афганістану, назад у Беларусь, скуль іх арганізавана падвозяць да граніцы, мігранцкая плынь скіравалася ў бок Польшчы. Тут не ўсё так проста. Уздоўж беларуска-польскай мяжы значную частку займаюць балоцістыя і пушчанскія тэрыторыі. Але добрае акенца ёсць у раёне Крынак, Шудзялава, а таксама Ліпска на Падляшшы. Тут і разгарнуліся асноўныя падзеі. І калі чарговая група мігрантаў, падвезеная да граніцы і скіраваная ў польскі бок спрабавала перайсці запаветную мяжу, іх спынілі польскія службоўцы, і скіравалі назад. Але і назад не было куды. Група з некалькіх дзясяткаў мігрантаў больш за два тыдні качавала непасрэдна на граніцы, не маючы неабходных рэчаў для жыццёвых патрэб, на зямлі ў халодныя ночы, пад дажджом, з жанчынамі і нават афганскім катом, без магчымасці вырашыць у інтымнай абстаноўцы звычайныя патрэбы арганізму. Казаць пра нейкі гуманізм і чалавечнасць тут не выпадае. У выніку значную частку тых няшчасных усё ж забралі беларусы, але група прыкладна з 24 чалавек адмовілася вяртацца ў Беларусь. Таму сітуацыя застаецца надалей не вырашанай, але яна прывяла да чарговага вітку як медыйнай канфрантацыі, так і палітычнай.

Варшава і Менск кідаюць узаемныя абвінавачванні. Польскі бок заяўляе пра “гібрыдную вайну” і неабходнасць бараніць межы еўрапейскай супольнасці. Беларускі бок у выглядзе дзяржаўных СМІ, а найперш Дзяржаўнага памежнага камітэту, апісвае бесчалавечнае стаўленне да мігрантаў з боку польскіх службаў, якія не дапусцілі да людзей ні лекара, ні прадстаўнікоў СМІ і грамадскіх арганізацый. Маўляў, вось вам і ўся еўрапейская дэмакратыя, і міграцыйная палітыка Еўразвязу і твар “сапраўднай дэмакратыі”. У адказ гучаць чарговыя гучныя словы, а міністр абароны Марыюш Блашчак заявіў пра пачатак будавання высокага плоту ўздоўж мяжы. Працы маюць рушыць яшчэ на гэтым тыдні.

За ўсімі гэтымі падзеямі тыя мігранты нікому не патрэбныя, іх клопаты застаюцца іх уласнымі праблемамі. Тут вялікая палітыка, тут не да людзей. Хоць мне асабіста ўжо ў гэтай палітыцы і разбірацца не хочацца. У канкрэтнай сітуацыі з групай мігрантаў у падляшскім Уснары і польскі бок, і беларускі, як гэта гаворыцца, “абое рабое”.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Tomasz Matuszkiewicz/Super Express