Мігранты спрабуюць прарвацца ў Польшчу з Беларусі вялікімі групамі



Мігранты працягваюць штурмаваць мяжу Беларусі з краінамі ЕЗ — за апошнія суткі польскія памежнікі выявілі больш за паўтары сотні асобаў, якія спрабавалі незаконна трапіць на тэрыторыю Польшчы. Пры гэтым, як зазначаюць у памежнай службе заходняй суседкі Беларусі, некаторыя з мігрантаў вяртаюцца назад у Беларусь, калі бачаць памежнікаў.

Паводле інфармацыі польскай памежнай службы, 2 ліпеня ў краіну спрабавалі нелегальна трапіць 159 чалавек, з іх 38 – грамадзяне Індыі. 19 чалавек вярнуліся на тэрыторыю Беларусі, убачыўшы польскіх памежнікаў. „Іншаземцы спрабавалі незаконна перасекчы мяжу вялікімі групамі да 60 чалавек”, — адзначылі таксама ў ведамстве.

У той жа дзень, паводле інфармацыі літоўскага МУС, шэсць чалавек спрабавалі трапіць з Беларусі ў Літву, яшчэ 35 спрабавалі трапіць на тэрыторыю Латвіі. Такім чынам агульная колькасць тых, хто спрабаваў учора трапіць у краіны ЕЗ з Беларусі, склала 200 чалавек.

У той жа час у краінах-суседках Беларусі асцерагаюцца абвастрэння сітуацыі з мігрантамі ў сувязі з верагодным прыездам у Беларусь часткі наймітаў ПВК „Вагнер” Яўгена Прыгожына пасля няўдалай спробы ваеннага мецяжу ў Расіі.

Беларускае Радыё Рацыя