Мігранты выкарыстоўваюць новую тактыку незаконнага перасячэння мяжы



Польская памежная служба паведамляе, што за апошнія суткі праз мяжу з Беларуссю ў краіну спрабавалі патрапіць 87 чалавек. Усіх іх развярнулі назад.

Службы Беларусі і мігранты выкарыстоўваюць новую тактыку незаконнага перасячэння мяжы, – паведаміла прэс-сакратар Польскай памежнай службы Анна Міхальская. Паводле памежнікаў, да гэтай пары мігранты спачатку збіраліся каля агароджы, а потым разам нападалі на функцыянераў, кідаючы ў іх камяні і бярвёны. Зараз іх спосаб дзеяння памяняўся. “Цяпер яны ціха падыходзяць да мяжы, хутка пераразаюць калючы дрот і паасобку пераходзяць на польскі бок. Калі польскія ахоўнікі мяжы пачынаюць іх лавіць, тады пачынаецца таксама калектыўная агрэсія з беларускага боку. У бок палякаў, як іншаземцы, так і службы Беларусі кідаюць камяні і бярвёны”, – сказала Анна Міхальская.

Паводле яе, менавіта такая тактыка была зафіксаваная пазамінулай ноччу каля вёскі Чаромха, дзе агароджу фарсіравалі 49 агрэсіўных чалавек. Усе яны былі затрыманыя і развернутыя назад.

Фота: twitter.com/Straz_Graniczna