Мікалай Бушко: Чакаем на фестываль шмат цікавых харавых калектываў



«Дзякуючы гэтаму фестывалю царкоўная музыка стала вядомая ва ўсім свеце», – лічыць мастацкі патрон фестывалю, сусветна вядомы польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі. Сёння, 15 траўня, у Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай у Беластоку пачынаецца 38-ы Міжнародны фестываль царкоўнай музыкі «Гайнаўка-2019».

У конкурсных праслухоўваннях возьмуць удзел хоры з амаль 30 краінаў свету, кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:

– Еўрапейскія хоры з многіх краін прыязджаюць. Маладзёжны хор з Грузіі. З Афрыкі ўжо другі раз у гісторыі фестываля прыязджае хор. Гэтым разам гэта прафесійны вялікі хор, амаль 40 чалавек, з Ганы. Шмат цікавых калектываў прыязджае з еўрапейскай і амерыканскай царкоўнай музыкай.

Штогод у фестывалі прымаюць удзел хоры з Беларусі, як свецкія, так і царкоўныя, – дадае Мікалай Бушко:

– Ёсць шмат знакамітых хораў з Беларусі. Хор з Баранавіч «Радуга», які сёлета святкуе сваё 25-годдзе, хор ад суседзяў, з дзяржаўнага музыкальнага каледжа з Берасця, ці царкоўны прафесійны хор з Менску.

Сёння а 19.00 у Падляшскай оперы і філармоніі па вуліцы Падлесьнай у Беластоку на адкрыцці фестывалю выступіць леташні лаўрэат – дзяржаўны хор з Прыднястроўскага Тыраспаля. А конкурсныя праслухоўванні пройдуць там жа ў чацвер, пятніцу і суботу.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя