Мікалай Бушко: Чыноўнікі павінны думаць шырэй
Чыноўнікі павінны думаць шырэй, кажа Мікалай Бушко з фонда „Царкоўная музыка” каментуючу адмову Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі Польшчы фінансаваць некаторыя мерапрыемствы нацыянальных меншасцяў.
Напрыклад, доўгія гады заняло перакананне міністэрства падтрымаць белавежскае „Пэрэточэ”, і атрымалася гэта толькі часткова, кажа Мікалай Бушко:
– Нашае мерапрыемства прэзентуе культуру іншых нацыянальных меншасцяў, якія пражывалі або пражываюць у нашым рэгіёне. Меншасці, якія ў сферы зацікаўленасці Міністэрства адміністрацыі. Было б вельмі добра, каб міністэрства заўважыла гэта таму, што кожны народ і кожная культура, каб неяк развівацца, не павінны закрывацца толькі ў сабе.
Каб не здараліся падобныя праблемы не трэба мяняць законы, а часам больш адкрыта паставіцца да прапаноў грамадства, дзеля якога працуюць чыноўнікі, кажа Мікалай Бушко:
– Дэпартамент па справах нацыянальнай меншасцяў у міністэрстве існуе дзеля таго, каб дапамагаць меншасцям. Гэта неабходна, каб проста дастасоўваць прынамсі тое, што залежыць ад канкрэтных чыноўнікаў адносна патрэб меншасці.
Сёлета Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі не падтрымала „Беларускія Трыялогі”, якія ладзіць Фонд „Віла Сакратэс”.
Гэтае рашэнне выклікала дыскусіі ў асяродзі беларускай меншасці адносна крытэраў паводле якіх павінны размяркоўвацца сродкі на падтрымку меншасці.
Беларускае Радыё Рацыя