Мікалай Яноўскі: Найбольшая праблема нашага рэгіёну – дэмаграфія



“Найбольшай праблемай нашага рэгіёну з’яўляецца дэмаграфія”, – кажа кандыдат у польскі Сейм ад Польскай сялянскай партыі (PSL) Мікалай Яноўскі.

Ён жыве на Гайнаўшчыне, займаецца фермерствам і кажа, што добра ведае рэальныя праблемы людзей:

– Сэрца і душа баляць, калі гляджу на нашыя хаткі, якія пусцеюць.  Нашыя людзі выязджаюць на працу, раней ехалі далей у Польшчу, цяпер едуць далёка за мяжу. На вёсцы засталіся бабулі і дзядулі, якія б хацелі расціць унукаў і выпраўляць іх у школу. Але я спадзяюся, і гэта ўжо заўважна, што маладыя людзі пачынаюць вяртацца на вёску.

Мікалай Яноўскі вылучаецца па выбарчай акрузе №24 ад Польскай сялянскай партыі. У партыйным спісе ён стаіць пад нумарам 28. Ён заклікае сваіх землякоў узяць актыўны ўдзел у парламенцкіх выбарах:

– Часам людзі прызвычайваюцца да таго, як ёсць. Маўляў, ёсць як ёсць, і неяк далей гэта будзе, і не хочуць ніякіх змен. Асабліва гэта відаць на нашай тэрыторыі, людзі не ахвотна ходзяць на выбары. Але сёння не маем права заставацца дома. Мы павінны вырашаць нашыя справы. 13 кастрычніка трэба пайсці на выбары ў ста працэнтах. Мы павінны паказаць народу польскаму, што народ падляшскі, людзі-беларусы, праваслаўныя, таксама здольныя вырашаць лёс сваёй будучыні.

На сённяшні дзень Мікалай Яноўскі, этнічны беларус, актыўна працуе ў самакіраванні, з’яўляецца радным Сейміка Падляшскага ваяводства. Парламенцкія выбары ў Польшчы ўжо на фінішнай прамой. Галасаванне пройдзе ў бліжэйшую нядзелю, 13 кастрычніка.

Цалкам гутарка ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя