Міхал „Ваўкалак”: Арганізацыя актыўна расце
Сацсеткі і сімволіку аб’яднання „Рух” у Беларусі прызналі экстрэмісцкімі.
Тым часам сама арганізацыя працягвае актыўна ладзіць акцыі ў Варшаве і па-за яе межамі, а прадстаўніка суполкі прынялі ў Каардынацыйную Раду.
„Госць Рацыі” – сукіраўнік аб’яднання „Рух” Міхал „Ваўкалак„. Яго голас актывіста быў зменены з прычыны бяспекі, але актывіст распавёў нашаму карэспандэнту пра жыццё арганізацыі.
– У нас у сераду прайшла акцыя-пратэст каля амбасады Літвы. Яна была накіравана супраць тых дыскрымінацыйных законаў, якія зараз разглядаюцца ў Сейме Літвы. Зараз паводле гэтых законаў, беларусаў намагаюцца прыраўняць да агрэсараў, да расейцаў. Мы вырашылі правесці пратэст, паказаць, што мы з літоўцамі не ворагі, а браты, нас звязвае больш за 700 гадоў адзінай гісторыі. Мы хацелі нагадаць менавіта пра гэта.
РР: Што чакае наперадзе?
– Збіраемся зараз зрабіць турнэ па вялікіх гарадах Польшчы, дзе ёсць вялікія беларускія дыяспары. Таксама магчыма заедзем у тую ж Літву, Латвію, Чэхію. 22-га красавіка будзе паездка ў Гданьск, а 29-га ва Уроцлаў. Гэты мерапрыемствы будуць ад трох арганізацый: „Рух”, „Паспалітае рушэнне” і „Вольная Беларусь”. Зянон Станіслававіч, Ян Рудзік, прадстаўнікі нашых арганізацый будуць выступаць на гэтых мерапрыемствах.
РР: На якой падставе вы абіраеце гарады, у якія прыедзеце?
– У першую чаргу мы едзем у гарады, дзе ёсць філіі „Руху” ці „Паспалітага рушэння”. Плюс гэта зразумела вялікія гарады, дзе ёсць вялікія беларускія дыяспары.
РР: Ці ёсць развіццё вас саміх, як прадстаўнікоў „Руху”?
– Так. Актыўна расце арганізацыя, актыўна фармуюцца філіі ў розных польскіх гарадах, а таксама іншых краінах. Зараз у Польшчы ў нас ва Уроцлаве, Кракаве, Лодзі, Шчэціне, Беластоку, Познані, Быдгашчы, калі кагосьці не забыў, ёсць свае філіі ці групы. Таксама зараз актыўна фармуюцца філіі ў Літве – гэта Вільня. У красавіку будзе першае мерапрыемства. Таксама ў нас ёсць прадстаўнікі ў горадзе Коўна. Таксама актыўна фармуецца філія Латвіі, а таксама ў іншых краінах Еўропы, у Амерыцы ды Канадзе. У нас заакіянскі сектар „Руху”, які падзяляецца на амерыканскую філію і на канадскую філію.
РР: Пра якую прыкладную колькасць людзей ідзе мова?
– Мы фармуем філію, калі ўжо ёсць мінімум пяць чалавек, але лепш канешне дзесяць. Тады ўжо ў такіх гарадах фармуюцца філіі нашай арганізацыі.
РР: Чым яна займаецца акрамя правядзення вось такіх мерапрыемстваў?
– Першапачаткова збольшага ў нас усе людзі былі ў Варшаве, мы рабілі тут мерапрыемствы. З цягам часу, з фармаваннем філіі яны ўжо будуць праводзіць мерапрыемствы самастойна ў сваіх гарадах. То бок гэта ўдзел у беларускіх мерапрыемствах, нейкія свае асобныя мерапрыемствы. Напрыклад, у шматлікіх гарадах ёсць мясціны звязаныя з беларушчынай. Дзе нарадзіліся, жылі ці пахавання беларускія дзеячы. Ушанаванне іх памяці ці мерапрыемствы да ўгодкаў падзей, датаў звязаных з беларушчынай.
Беларускае Радыё Рацыя