Міхасю Андрасюку не далі беларускай візы
Беларускі пісьменнік з Беласточчыны не мае права на бясплатную візу ў Беларусь. Саюз беларускіх пісьменнікаў звярнуўся ў консульства Беларусі ў Беластоку з просьбай выдаць шматразовую гадавую бясплатную візу ганароваму сябру арганізацыі і сябру журы сёлетняй літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройца, вядомаму беларускаму пісьменніку Міхасю Андрасюку.
Спярша ў консульстве доўга распытвалі, якое ён дачыненне мае да Саюза беларускіх пісьменнікаў, а праз некалькі гадзін пазванілі і сказалі, што згодныя выдаць візу, але на тры месяцы і коштам у 60 еўра.
Кажа Міхась Андрасюк:
– Дакументы ў консульстве ў мяне ўзялі і сказалі, што консул дасць адказ. Не пасьпеў я вярнуцца ў Гайнаўку, як патэлефанавалі з консульства: усё разгледзелі, абмеркавалі і сказалі, што бясплатную візу мне не дадуць, трэба бегчы ў банк і заплаціць 60 еўра. Тады я атрымаю візу на 3 месяцы. Я крыху абурыўся. І справа не ў 60 еўра. Справа ў тым, што візы за 60 еўра на 3 месяцы можа атрымаць хто заўгодна, трэба толькі мець запрашэнне. Я сказаў, што не хачу такую візу. Мне не шкада грошай, мне шкада, што Беларуская дзяржава ставіцца да нас, беларусаў замежжа, як зусім да чужых людзей. Вельмі прыкра, што так здарылася.
Старшыня Саюзу Беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) адзначыў, што Беларусь павінна сама быць зацікаўленая ў тым, каб беларусы замежжа прыязджалі як мага часцей у краіну:
– Я не разумею, чаму так здарылася. Мы афіцыйна звярнуліся ў консульства ад імя Саюза беларускіх пісьменнікаў і не толькі таму, што Міхась Андрасюк – сябра журы Прэміі імя Гедройца, а ўвогуле таму, што ён сябра нашага Саюза. І ён павінен бываць у Беларусі, мы яго тут чакаем, мы радыя выхаду ягоных новых кніг. І радыя яго бачыць на прэзентацыях, а не толькі як сябра журы. А калі з’явілася такая нагода і аргкамітэт абраў яго сябрам журы, то тым больш яму трэба бываць на Беларусі і трэба ўдзельнічаць у паседжаннях журы. І гэта была важная прычына для таго, каб запрасіць яго да нас і каб яму выдалі візу. Чаму консульства прыняло такое рашэнне адносна Міхася Андрасюка, я не разумею. І чаму так паставіўся да просьбы Саюза пісьменнікаў, таксама незразумела. Мы – афіцыйная арганізацыя, афіцыйна зарэгістраваныя юрыдычна. І маем такія ж самыя правы, як любая іншая грамадская арганізацыя Беларусі.
РР: Некалькі гадоў таму прынялі Закон “Аб беларусах замежжа”, і якраз МЗС, якому падначалены Беластоцкі кансулят, шмат казала пра супрацу з беларусамі замежжа. Падобнае стаўленне да прадстаўнікоў беларускай культуры за мяжой набліжае беларусаў замежжа да сённяшняй Беларусі?
Міхась Андраcюк: Я думаю, што такія заявы пра супрацу і так далей – гэта проста пустыя лозунгі, за якімі нічога не стаіць. Канешне, дастаткова паглядзець на нашыя культурніцкія мерапрыемствы тут, на Падляшшы. Мы бачым гэтых чыноўнікаў, яны сядзяць у першых радах, пляшчуць у далоні. Але на гэтым усё заканчваецца. Такое ўражанне, што ўсё гэта – паказуха для нейкай справаздачы. А ці атрымаецца з гэтай супрацы нейкі вынік? І ці ўвогуле наладзіцца гэтая супраца? Гэта ўжо не мае вялікага значэння. І гэта дзіўна, бо літаратурная Прэмія імя Гедройца – гэта прыклад файнай польска-беларускай міждзяржаўнай супрацы. Дзе з аднаго боку выступае суарганізатарам Польская амбасада і Польскі інстытут, а з другога боку – беларускі ПЭН-клуб і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Што яшчэ трэба для супрацы на ніве культуры?! Крыўдна, можа не тое слова, але няўтульна, калі ведаеш, што да цябе ставяцца як да нейкага нахабніка.
Барыс Пятровіч: Набліжаецца З’езд “Бацькаўшчыны”, і таксама важна, каб пісьменнікі Беласточчыны прысутнічалі на гэтым з’ездзе. І калі ў іх не будзе візы, то няўжо ім прыйдзецца ляцець з Беластока на самалёце? Бо зараз, калі прылятаеш у Менскі аэрапорт, можна знаходзіцца 5 дзён без візы. Але гэта не той выпадак, калі такім чынам трэба дабірацца на Беларусь нашым сябрам з Беласточчыны!
Міхась Андрасюк, нягледзячы на адсутнасць візы, надалей прымае ўдзел у працы журы прэміі імя Ежы Гедройца. Прэмію ў 2011 годзе заснавала пасольства Польшчы і Польскі інстытут у Менску. Яна ўручаецца за лепшыя, паводле сябраў журы, літаратурныя творы на беларускай мове, якія з’яўляюцца за папярэдні год.
Гутарыў Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя