Мікіта Броўка: Працуем у Грузіі, але плануем па ўсім свеце



Знакамітая ва ўсёй Беларусі крама нацыянальнай сімволікі symbal.by вось ужо некалькі месяцаў як працуе ў Грузіі.

Пра тое, як працуецца ў гэтай краіне, распавядае адзін з заснавальнікаў Мікіта Броўка:

Зараз беларусаў у Грузіі даволі шмат, таму што Грузія стала своеасаблівым транзітным хабам для беларусаў, для тых, у каго няма візы. Шмат хто сюды прыязджае на пэўны час, каб затым далей ехаць у Еўропу. Таксама шмат людзей застаецца тут, і гэтыя людзі цікавяцца беларушчынай, беларускай сімволікай, хочуць неяк атаясамляць сябе з Беларуссю.

Па словах Мікіты, асноўны тавар які замаўляюць у яго беларусы, – гэта нацыянальныя сцягі:

У Грузіі ў нас людзі набываюць розныя тавары. Безумоўна, папулярныя сцягі. Таму што ў Грузіі ёсць традыцыя вывешваць сцягі на вокнах, украінцы тут вывешваюць, беларусы вывешваюць. Людзі хочуць засветчыць, што мы, беларусы, ёсць тут у Грузіі. Таксама набываюць больш дробныя рэчы – значакі, бранзалеты.

Нагадаем, што адзін з заснавальнікаў крамы symbal.by Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года пасля выкліку ў міліцыю. Сама крама пасля неаднаразовых ператрусаў спыніла сваё існаванне ў Менску і цяпер яна аднавіла сваю працу ў грузінскім Батумі і плануе распаўсюджваць свае тавары па ўсім свеце.

Беларускае Радыё Рацыя