Мікола Пачкаеў: У Велікабрытанію прыязджаюць новыя людзі з Беларусі



У Вялікабрытаніі пражывае каля васьмі тысячаў беларусаў – такія звесткі раней падавала амбасада Рэспублікі Беларусь.

Аднак, як заўважае старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі Мікола Пачкаеў, гэтыя лічбы – ўжо не дакладныя, паколькі ўвесь час прыязджаюць новыя людзі.

На паседжанні ці мерапрыемствы самаго Згуртавання збіраецца да 80-ці чалавек. Мікола Пачкаеў кажа, што актыўнасць беларусаў як у Брытаніі, так і на радзіме – прыкладна аднолькавая:

 Мы сутыкаемся з такой самай праблемай, як і ў Беларусі. З тых беларусаў, хто прыязджае з Беларусі, працэнт тых, хто зцікаўлены ў нейкім грамадскім жыцці, зусім не вышэй, чым у насельніцтва Рэспублікі Беларусь. Прыкладна такі самы працэнт сярод тых, хто прыязджае ў Брытанію.  

Згуртаванне беларусаў Вялікабрытаніі заснавалі ў 1946 годзе пераважна тыя беларусы, якія ваявалі ў арміі генерала Андэрса. Галоўнае, што іх яднала – гэта ідэалы Беларускай Народнай Рэспублікі. “Акрамя таго, гэта былі людзі, якія выдатна валодалі беларускай мовай, чаго нельга сказаць пра цяперашнюю эміграцыі”, – дадае Мікола Пачкаеў.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя