Мікола Ваўранюк: Паслядоўнасць і вернасць выбаршчыкам падабаецца



Адназначна, мае сэнс удзел беларусаў у Польшчы ў выбарах як асобнаму ўгрупаванню – падводзіў вынікі 2014 году ў нашым эфіры журналіст і наш рэдакцыйны калега Мікола Ваўранюк. На яго думку, беларускія выбарчыя камітэты былі б патрэбнымі, але пытанне ў тым, наколькі самі беларусы могуць іх цяпер арганізаваць. Раней такія выбарчыя камітэты былі фактычна ў кожнай гміне і ў некаторых паветах, а таксама на ўзроўні ваяводства:

– Іншая справа, на колькі ў нас яшчэ ёсць сілаў, каб іх арганізаваць. Калі прааналізаваць тыя вынікі, то нават калі б не было шыльды „Беларускага выбарчага камітэту”… але, напрыклад, вядома, што ў Бельскай кааліцыі ад самага пачатку яе стварэння галоўную ролю гралі людзі з колішняга Беларускага выбарчага камітэту, тое не сакрэт. І гэтая кааліцыя атрымала вельмі добрыя вынікі.

“Бурмістр Бельска Падляшскага – Яраслаў Бароўскі – быў абраны ў першым туры, і пра сябе кажа, што ён беларус. Таксама ў Гайнаўцы старастам абраны чалавек, які ад самага пачатку, з 90-х гадоў, ішоў ад Беларускага выбарчага камітэту. Так што паслядоўнасць і вернасць выбаршчыкам падабаецца, і яны ўзнагароджваюць гэта сваімі галасамі”, – дадае Мікола Ваўранюк.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя