Міністэрства абароны Украіны пра выбухі ў Чарнігаўскай вобласці: “імаверна, дыверсія”
Ва Украіне працягваецца ліквідацыя маштабнай катастрофы, якая адбылася на складах боепрыпасаў у пасёлку Ічня, што непадалёк Чарнігава. Нагадаем, што ўначы 9 кастрычніка ў арсенале на ўскраіне Ічні адбыліся выбухі, пасля чаго здэтанавалі боепрыпасы. Кананаду было чуваць за 10 кіламетраў.
З пасёлка эвакуяваны амаль усе жыхары. Вось сведчанні відавочцаў падзеяў:
— Мы ўначы ўцякалі, гэта быў шок, было страшна. Мы ўжо не думалі ні пра што – хапалі вопратку і ўцякалі…
— Ідзе такая тлустая хваля, і агонь, я кідаюся на вобземлю, каб уратавацца…
— Імгненна ўсё яно стрэліла, і зарыва такое, што поўна дыму…
Міністэрства Абароны Украіны правяло брыфінг, на якім дапусціла верагоднасць тэракту.
— Правяраецца некалькі версій падзеяў, у тым ліку і версія пра магчымую дыверсію. Было два выбухі адначасова, а потым у іншым канцы арсеналу – яшчэ два. Выбухі ў розных месцах сведчаць пра тое, што гэта, найхутчэй за ўсё, была дыверсія.
Міністр абароны Сцяпан Палтарак заявіў, што на ічнянскім арсенале знаходзілася амаль 70 тысяч тон боепрыпасаў, з якіх 43 тысячы гатовых да выкарыстання.
Беларускае Радыё Рацыя
Здымкі: прэс-цэнтр Міністэрства абароны Украіны