Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы скарачае фінансаванне беларускіх культурніцкіх праектаў



Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі агучыла вынікі конкурсу для няўрадавых арганізацый на 2018 год. Многія культурныя мерапрыемствы беларусаў у Польшчы з-за скарачэння фінансавання, апынуліся пад пагрозай правядзення. Міністэрства ў 2018 годзе значна скараціла фінансаванне і тыднёвіку беларусаў у Польшчы «Ніва».

Як кажа галоўны рэдактар найстарэйшага выдання беларусаў у Польшчы Яўген Вапа, прызначаных сродкаў хопіць да кастрычніка.

Яўген Вапа: Калі глянуць на вынікі конкурсу, то сума, якую нам прапаноўвае міністр, 470 тысяч злотых, меншая ў параўнанні з мінулым годам на 25 тысяч злотых. Але такое мы ўжо мелі ў папярэднія гады. Таму што ў ранейшыя гады штогод нам сістэматычна змяншалі гэтую квоту, і ў 2014 годзе мы мелі на “Ніву” 470 тысяч 500 злотых.  Вядома, сёлетняе змяншэнне сімвалічнае. Але калі маем рост цэн на рынку, калі ўваходзяць новыя абавязкі, звязаныя з мінімальнымі зарплатамі, тая квота, якая ёсць, не дазваляе выдаваць без праблемаў наш тыднёвік. Гэтай квоты нам хопіць толькі на 10 месяцаў: ад студзеня да кастрычніка. І таму мы хочам, каб дамова была падпісана на 10 месяцаў. На тыя два месяцы, на якія нам не хапае сродкаў, мы будзем складаць яшчэ раз нашыя прапановы на другую палову 2018 года да Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі.

РР: Гэтыя скарачэнні на выдавецкую дзейнасць на тыднёвік “Ніва”. А ёсць яшчэ такія праекты, якія наогул не атрымалі фінансаванне. Беларускае гістрарычнае таварыства не атрымала сродкаў на праект, прымеркаваны да вельмі важнай падзеі – 100-годдзе Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларускае літаратурнае аб’яднанне “Белавежа” не атрымала сродкаў на 60-годдзе свайго існавання.

Яўген Вапа: Тут у мяне ёсць не толькі здзіўленне, але і абурэнне гэтым фактам. Бо лічу, калі ў Польшчы мы, грамадзяне Польшчы, адзначаем 100-годдзе абвяшчэння незалежнасці Польшчы, і мы ў тым удзельнічаем, і праходзяць вялікія і важныя ўрачыстасці, то для беларускай меншасці ў Польшчы вельмі важна трымаць сувязь і з беларускай гісторыяй.

Калі гаварыць пра святкаванні юбілею “Белавежы” і правядзенне адпаведнай канферэнцыі, то для мяне гэтае рашэнне міністэрства абсалютна незразумелае. Бо беларускія пісьменнікі ўносяць і ўнеслі ў беларускую і польскую культуры, а тым самым і ў еўрапейскую культуру,  вялікі ўнёсак. Дзейнасць “Белавежы” – сапраўдны феномен для ўсёй еўрапейскай культуры. Ніводная нацыянальная меншасць у Польшчы не мела і не мае такой моцнай літаратурнай групы. Не мела і не мае такой моцнай літаратурнай спадчыны. І таму, маю надзею, што ў міністэрстве і іншых колах, дзе прымаюцца рашэнні, усё ж такі вырашаць пытанні фінансавання гэтых мерапрыемстваў, бо яшчэ ёсць час, каб тыя памылкі выправіць.

Цалкам інтэрв’ю слухайце ў гукавым фармаце:

Беларускае Радыё Рацыя