„Мініяцюры” Сакрата Яновіча прадставяць у Менску



„Мініяцюры” Сакрата Яновіча ў беларускай сталіцы. У межах „Unsound Dislocation X Mental Force” менскі гурт „Port Mone Trio”, польскі музыка Міхал Яцашэк і беларускі музыка і творца з Беласточчыны Юрка Асеннік прадставяць супольны праект у аснове якога — знакамітыя паэтычныя мініяцюры беларускага пісьменніка з Падляшша — Сакрата Яновіча.

Юрка Асеннік

Прэзентацыя праекта прайшла ў Крынках падчас „Беларускіх Трыялогаў”, аднак менскія гледачы пабачаць яго ў новым прачытанні, кажа адзін з удзельнікаў праекта Юрка Асеннік:

– Гэта як пункт выхаду, ідэя нарадзілася гады чатыры таму, калі ў Крынках у межах “Трыялогу” быў паказаны спектакль “Антыгона”. Дырэктарка беластоцкага драматычнага тэатра запрасіла для працы з музыкай Міхала Яцашэка, так мы пазнаёміліся з Міхалам у Крынках, і так нарадзілася такая ідэя. Гурт “Port Mone”, тады таксама ў межах “Трыялогу”, прэзентаваў свой новы альбом. Была такая ідэя, каб іх спалучыць, што можа нешта атрымаецца, як пункт выхаду тут “Мініяцюры” Сакрата. Вярнуліся да гэтага толькі ў новым годзе. Прыехалі за некалькі дзён да “Трыялогу”, працавалі, і ў час гэтай працы яны прапанавалі, каб я далучыўся да іх, каб паспрабаваць увесці слова чытаць. Нешта атрымалася, але гэта было недапрацавана. За чатыры дні што здолелі зрабіць, тое і паказалі. Калі адслухалі гэта, то ўсе пагадзіліся, што трэба над гэтым працаваць. Таму паедзем на тыдзень раней у Менск і на працягу тыдня будзем дарабляць. Міхал казаў, што пакідаем тое, што ўжо зрабілі. Я ведаю як я павінен працаваць, як гэта будзе выглядаць у фоне вакалу, таму пабачым што атрымаецца.

Гурт „Port Mone” у Крынках (2014)

РР: Сакрат Яновіч – гэта знакавая постаць не толькі для беларусаў Беласточчыны, ягоныя тэксты прасякнуты болем за беларускасць. Як думаеце, ці ў Менску ўспрымуць гэтыя тэксты? Сакрат Яновіч вядомы, але не ўсе знаёмыя з яго творчасцю.

– Безумоўна. У “Мініяцюрах” свет памежжа – Крынкі, Падляшша. Думаю, што калі б “Мініяцюры” былі перакладзены на ангельскую, італьянскую ды польскую, то былі б вельмі ўніверсальныя. Правінцыя яна паўсюль, бо правінцыя гэта не месца, правінцыя – гэта стан духу. Правінцыйнасць можна адчуваць і ў Крынках, і ў вялікм горадзе, яна заўсёды з намі.

РР: Польскі інстытут дапамагае ў рэалізацыі гэтага праекта. Можна сказаць, што беларуская культура дапамагае праводзіць культурную дыпламатыю Польшчы?

– Яны не ў першы раз дапамагаюць, ёсць выдавецтва, і кніжкі выдаюцца на беларускай мове. Я думаю, што Польскі інстытут у Менску, на жаль, але часта робіць больш для нашай нацыянальнай культуры, чым розныя беларускія ўстановы.

Прэзентацыя супольнага праекта-прысвячэння Сакрату Яновічу пройдзе 20 траўня ў менскім клубе RE:Public. Пачатак а 19.00.

Зміцер Косцін, Беларускае Радыё Рацыя