Мінздароўя: У Польшчы пачалася трэцяя хваля эпідэміі каронавіруса



Намеснік міністра аховы здароўя Вальдэмар Краска (Waldemar Kraska) паведаміў, што за апошнія суткі было зафіксавана 3 890 выпадкаў новых заражэнняў каронавірусам. Гэта на 100 больш, чым тыдзень таму.

Паводле яго, гэта доказ таго, што ў Польшчы пачалася ўжо трэцяя хваля пандэміі. Вальдэмар Краска дадаў таксама, што на пачатку гэтага тыдня можна чакаць рашэнняў, звязаных з развіццём эпідэміі ў краіне:

– Мы аналізуем новую сітуацыю, таксама ў сувязі з новай мутацыяй каронавіруса, колькасць выпадкаў якой павялічваецца ў Польшчы. Апошнім разам яна складала каля 10% усіх інфекцый. Аднак я паўтараю, што калі мы будзем сумленна прытрымлівацца дзейных абмежаванняў, то пераадолеем вірус.

Намеснік міністра Вальдэмар Краска дадаў, што з павелічэннем колькасці інфекцый павялічылася і колькасць пацыентаў у бальніцах. Паводле яго слоў, на дадзены момант цяжка прадказаць маштаб трэцяй хвалі каронавіруса, але гэта, безумоўна, прывядзе да большай загружанасці бальніцаў.

polskieradio.pl