Міраслаў Раманюк – новы стараста Гайнаўскага павета
Новым старастам Гайнаўскага павета стаў Міраслаў Раманюк. У Гайнаўцы ён вядомая асоба. Практычна ўсё жыццё быў звязаны з гэтым рэгіёнам.
РР: Перадусім хачу павіншаваць вас з перамогай у выбарах. Вы ўжо асэнсавалі важнасць гэтых зменаў у вашым жыцці?
Міраслаў Раманюк: Гэта так. Мне шмат тэлефануюць, віншуюць. Хачу падзякаваць усім выбаршчыкам, якія аддалі свой голас за наш камітэт, за мяне. У выніку чаго і стаў старастам Гайнаўскага павета.
РР: Значыць вас людзі пазналі з добрага боку, калі выказалі такі давер. Ведаю, вы бралі ўдзел і ў мясцовым грамадска-палітычным жыцці. Памятаю, яшчэ з 90-х гадоў вы стартавалі з беларускіх выбарчых камітэтаў. Гаворка ідзе пра Беларускі народны выбарчы камітэт, які на Гайнаўшчыне здаўна працаваў з Польскай сялянскай партыяй.
Міраслаў Раманюк: Так. Першапачаткова была кааліцыя Беларускага нацыянальнага выбарчага камітэта, адкуль мы і стартавалі. Я з яго двойчы стартаваў на выбарах.
РР: Гайнаўшчына – цяжкі і цікавы абшар на мапе нашага Падляшскага ваяводства. Людзі наракаюць на тое, што няма працы. Белавежская пушча, якая прыцягвае, як магніт, турыстаў і даследчыкаў натуральнай прыроды, таксама мае некаторыя праблемы. Праблема захавання і аховы пушчы – адна з галоўных. Як вы глядзіце на будучыню павета, Белавежскай пушчы? Да чаго трэба будзе імкнуцца?
Міраслаў Раманюк: Я думаю, нам усім перш за ўсё трэба паверыць у тое, што мы маем патэнцыял. Ці то людзі, ці то пушча. Трэба паверыць у поспех. Захаванне пушчы, стварэнне працоўных месцаў і кожная асоба, якая застанецца ў нас, не з’едзе, – усё гэта будзе нашым поспехам.
РР: Як думаеце, у якім кірунку павінен развівацца Гайнаўскі павет, каб моладзь, дзеці не толькі не з’язджалі, а вярталіся назад.
Міраслаў Раманюк: Я лічу, што грамадства мусіць паверыць у сябе і свае сілы, ісці шляхам развіцця прадпрымальніцтва, сферы паслуг ці турыстыкі. Хутчэй за ўсё, цяжкай прамысловасці ў нас не будзе. Ды і ўвесь патэнцыял Белавежскай пушчы пакуль не выкарыстаны.
РР: Адным словам, у Гайнаўскім павеце яшчэ ёсць патэнцыял.
Міраслаў Раманюк: Так. Мы яшчэ маем магчымасць выкарыстаць грошы Еўразвяза на развіццё інфраструктуры і іншыя рэчы. Мусім зрабіць усё, што магчыма.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.
Гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя