Міраслаў Сцепанюк звольнены з пасады дырэктара Белавежскага нацыянальнага парку
Міністр аховы навакольнага асяроддзя Польшчы Ян Шышко звольніў Міраслава Сцепанюка з пасады дырэктара Белавежскага нацыянальнага парку.
Міраслаў Сцепанюк быў яго дырэктарам са снежня 2012 года. Па яго словах, галоўнай прычынай звальнення з’яўляецца нібыта адсутнасць супрацы з арганізацыяй «Дзяржаўныя лясы».
– Мяне выклікалі ў міністэрства на размову, але калі я прыехаў, усе дакументы ўжо былі падрыхтаваныя. Мне паведамілі, што я не супрацоўнічаў з арганізацыяй «Дзяржаўныя лясы. Гэта фірма, якая праводзіць сваю палітыку, якая хоча ўшчэнт высекчы пушчу. Ёсць група інтарэсаў, якая не лічыцца з іншымі інтарэсамі. І вось вынік гэтага.
Па словах Міраслава Сцепанюка, на 4 -га снежня была запланаваная навуковая рада Белавежскага нацыянальнага парку, на якой ён збіраўся агучыць вынікі і перспектывы працы. Міраслаў Сцепанюк збіраецца і надалей працягваць працаваць у сферы лясной гаспадаркі, бараніць пушчу ад высечкіі, займацца прыцягненнем інвестыцыяў у яе развіццё. Міраслаў Сцепанюк таксама з’яўляецца сябрам многіх навуковых арганізацый і грамадскіх аб’яднанняў.
Да часу паклікання новага кіраўніка найстарэйшага запаведніка прыроды ў Польшчы, ім будзе кіраваць цяперашні віцэ-дырэктар Аляксандар Болбат.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота poranny.pl