Місія АБСЕ разгорнецца на Данбасе, калі там спыняцца баі



Маніторынгавая місія АБСЕ пачне сваю паўнавартасную працу на ўсходзе Украіны, калі спыняцца ваенныя дзеянні і будзе адноўлены кантроль на мяжы.

Пра гэта заявіла памочнік дзяржсакратара ЗША Вікторыя Нуланд падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Дзяржаўнай памежнай службы Украіны ў сераду ў Бортнічах, перадае „Интерфакс-Украина”.

„Як толькі будзе ўстаноўлены мір і будзе адноўлены кантроль на міжнароднай мяжы, тады маніторынг місіі АБСЕ будзе разгорнуты”, – сказала яна.

Пры гэтым Нуланд адзначыла, што ЗША шчыльна супрацоўнічаюць з АБСЕ з тым, каб місія назірання АБСЕ запрацавала на поўную моц.

Паводле яе словаў, ЗША прадставілі 70 назіральнікаў, а таксама абсталяванне для гэтай місіі.

„Цяпер гэтая місія патроху разгортваецца”, – адзначыла памочнік дзяржсакратара.

Пры гэтым Нуланд падкрэсліла, што маніторынг на ўсходзе Украіны з’яўляецца грамадзянскай місіяй і можа праходзіць там, дзе няма баявых дзеянняў.

pravda.com.ua