„Млодзеж Вшэхпольска” супраць Леха Валенсы: працяг справы
Працяг інцыдэнту, які адбыўся 20-га верасня падчас сустрэчы Леха Валенсы з беластачанамі.
Стала вядома, што чатыром маладым асобам, якія прадстаўляюць радыкальна-правую арганізацыю Młodzież Wszechpolska, прад’яўлена абвінавачанне ў парушэнні спакою і грамадскага парадку.
Прыгадаю, што падчас сустрэчы маладзёны, якія мелі на тварах маскі з вядомым героем мультфільма Болекам, пачалі крычаць “Прэч з камунай”, а ў руках яны мелі тэчкі з надпісам “тэчка працы”:
– Праз дзесяцігоддзі выйшла, што аднак “Болекам” быў. Каля 26 гадоў падманваў свой народ, што гэтым “Болекам” не быў. Калі выйшла, што быў, то казаў, што можа трохі супрацоўнічаў, а можа не. Калі мы спрабавалі выкрыць гэты фарс, які называецца Камітэтам Абароны Дэмакратыі, то вы напэўна заўважылі, медыя гэта зафіксавалі, калі на нас кінуліся. Я атрымаў парасолем па галаве.
Прыгадаю, што раней Валенсу абвінавацілі ў супрацы са службамі бяспекі ў камуністычныя часы, знойдзеныя тэчкі з інфармацыяй, якія ён прадастаўляў службам бяспекі. Маладых людзей на сустрэчы пад гучныя воклічы “Лех Валенса” хутка вывелі з залі ахоўнікі і паліцыя. Сам легендарны кіраўнік польскай “Салідарнасці” пракаментаваў інцыдэнт наступным чынам:
– Напэўна цяпер будуць сцерагчыся, бо атрымалі трохі па носе. Я з’яўляюся праціўнікам бойкі, але людзі павялі сябе адважна. Нам не будуць перашкаджаць смаркачы ў сур’ёзных размовах. Цяпер іх так будуць выносіць, а не яны будуць выносіць. Я кажу яшчэ раз, я мірна настроены, але ніхто не будзе мне перашкаджаць.
На гэтым момант вядома, што ідзе расследаванне здарэння, паліцыя збірае матэрыялы і доказы, а звярнуўся ў паліцыю з гэтай справай Камітэт Абароны Дэмакратыі. Вядома і тое, што пяты малады чалавек – удзельнік інцыдэнту – таксама атрымаў позву ў камісарыят.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота poranny.pl