Многія беларусы спяшаюцца з’ехаць і папрасіць палітычнага прытулку



З 21 снежня будуць рэзка абмежаваныя ўмовы выезду з Рэспублікі Беларусь праз наземныя пагранпераходы. Многія беларусы спяшаюцца пакінуць краіну і папрасіць палітычнага прытулку ў Польшчы. Пры гэтым вельмі важна тэрмінова звярнуцца па сацыяльную дапамогу, якая належыць палітычным уцекачам. 

Кажа юрыст Цэнтру падтрымкі іншаземцаў у Беластоку пры фундацыі «Акно на Усход» Ганна Маціеўская:

– Канчатковае рашэнне органа на даванне міжнароднай абароны можа мець тры віды. Вам могуць прызнаць статус бежанца. Вам могуць адмовіць у статусе бежанца, але прызначыць дадатковую абарону, і адсотак такіх рашэнняў вельмі вялікі сярод грамадзян Беларусі. Або орган можа адмовіць вам у даванні статусу бежанца і статусу дадатковай абароны. Але трэба адзначыць, што такія рашэнні падлягаюць абскарджванню, і вам таксама даецца бясплатная юрыдычная дапамога для складання юрыдычнага абскарджвання.

Беларусам, якія атрымалі рашэнне аб міжнароднай дапамозе, гарантуецца сацыяльнае забеспячэнне на працягу 2 месяцаў.

 Пры Цэнтры дапамогі іншаземцам у Беластоку штодзённа працуе тэлефонная лінія. Кансультанты цэнтру даюць парады па прававых і побытавых пытаннях беларусам, якія ўжо выехалі альбо плануюць выехаць у Польшчу.

Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток