Моладзь з „Падляшскага вянка” атрымала стыпендыю



Моладзь з танцавальнага калектыву „Падляшскі вянок” атрымала стыпендыю прэзідэнта Беластоку на школьны год 2021\22.

Сярод 118 стыпендый прэзідэнта – 20 атрымала моладзь, якая танчыць у „Падляшскім вянку”. Гэта вялікі гонар, бо артыстычныя стыпендыі – гэта доказ прызнання іх працы, кажа кіраўнічка і харэограф „Падляшскага вянка” Аксана Прус:

– Варта працаваць, варта займацца калектывам. Калі гэта калектыўная праца, то яна прыносіць свае добрыя вынікі. Гэта наступны такі штуршок, бо апошнія нашы выступы, мы мелі два жывыя выступы. Адзін у Супраслі на Днях Супрасля, і адзін на фестывалі „Сяброўская бяседа”. На фестывалі „Сяброўская бяседа” мы пабачылі, як добра дзеці танчылі. Усе гэтыя фестывалі анлайн былі не на марна.

Нагадаем, што толькі ў 2020 годзе падляшскі „Вянок” быў адзначаны на міжнародных фестывалях у Іспаніі, Італіі і ва Украіне, а таксама гран пры на фестывалі ў Бразіліі. У сувязі з пандэміяй фестывалі праходзілі ў анлайн-рэжыме.

Стыпендыі за мастацкую дзейнасць і адначасова за добрыя адзнакі ў навуцы выплачваюцца кожны месяц і складаюць ад 100 да 300 злотых.

Беларускае Радыё Рацыя