«Мова, давер, падтрымка!»: у Беластоку падвялі вынікі сустрэч «Свае пра СваЁ»
У Беластоку прайшла фінальная сустрэча «Свае пра СваЁ», дзе прадстаўнікі беларускай дыяспары і этнічных беларусаў Падляшша абмеркавалі агульныя перспектывы беларусаў на Падляшшы.
Важнасць усяго праекта «Свае пра СваЁ» падкрэсліў арганізатар, папулярызатар беларускай гісторыі Алесь Кіркевіч:
-Мы зараз робім тое, што варта было рабіць яшчэ ў 20-м годзе. Калі пра Падляшша казаць, то гэта і пра гаворкі, і пра традыцыі, і пра ролю царквы, якая вельмі розная бывае ў захаванні ідэнтычнасці. Страшна цікава падагуліць гэта ўсё. І вывесці нейкую формулу ці магчыма, ці патрэбна і як у рэшце захаваць беларускае Падляшша. Вельмі важна гэтыя масты наладжваць, каб людзі бачылі, разумелі, чулі адно аднаго і ў рэшце рэшт маглі нешта прапанаваць адзін адному, тое што было б узаемавыгадна для беларускай супольнай справы.
Акрамя гэтага на фінальнай сустрэчы «Свае пра СваЁ» былі абмеркаваны тры сцэнары развіцця беларускай супольнасці на Падляшшы ў залежнасці ад агульнай сітуацыі ў Беларусі. Сярод фактараў умавацавання беларускай супольнасці на Падляшшы былі названыя: беларуская мова, спорт і культура, стэйкхолдэры беларускасці на Падляшшы, сувязі з царквой.
Беларускае Радыё Рацыя