Муралы Беластока на календары 2018 года
“Дзяўчынка з палівачкай”, “Хлопчык з вудай” ды іншыя вядомыя беластоцкія муралы трапілі ў каляндар на 2018 год. Штогадовае выданне падрыхтаваў гарадскі магістрат.
У выданні таксама змешчаны навейшы беластоцкі малюнак “Выпяканне хлеба” ад менскай мастацкай групы ТАКТАК. Паводле прэзідэнта горада Тадэвуша Трускаляскага, Беласток вядомы ў Польшчы і свеце па прыгожых муралах.
– Беласток вядомы мураламі высокай мастацкай вартасці. Таму ўзнікла ідэя, каб гэтыя муралы з‘явіліся на календары і адлічвалі шчаслівыя дні 2018 года.
Календары на 2018 год са здымкамі Беластока можна будзе таксама выйграць у конкурсе, арганізаваным магістратам. У календары пазначаныя важныя каталіцкія, праваслаўныя, мусульманскія ды іудэйскія святы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток