“Мураваныя замкі Гарадзеншчыны 14-17 стагоддзяў” у Гайнаўцы
Музей і цэнтр беларускай культуры ў Гайнаўцы, Гарадзенскi дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей i Культурны цэнтр Беларусі ў Варшаве запрашаюць на выставу “Мураваныя замкі Гарадзеншчыны 14-17 стагоддзяў”. Кажа дырэктар гайнаўскага музея Тамаш Ціханюк:
– Падумалі, што добра было б паказаць штосьці іншае, з сучаснага мастацтва. Апошнім часам мы мелі некалькі выстаў. А цяпер вырашылі паказаць крыху беларускай гісторыі. І думаю, што гэта вельмі цікавая справа. На гэтай выставе будзе звыш 100 археалагічных экспанатаў. Напэўна, будзе што паглядзець, можна будзе больш даведацца пра гісторыю Гарадзеншчыны, Беларусі, а таксама супольную, беларуска-польскую гісторыю.
Адкрыццё выставы пройдзе 3 ліпеня а 17-ай гадзіне ў галерэі Беларускага музея ў Гайнаўцы. Выстава прадставіць арыгінальныя прадметы, знойдзеныя падчас археалагічных даследаванняў Мірскага, Крэўскага, Лідскага, Гарадзенскага і Любчанскага замкаў. Яна будзе працаваць да канца лета.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гайнаўка