МУС Літвы прапанаваў увесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы прапанавала ўвесці надзвычайнае становішча на мяжы з Беларуссю ў сувязі з высокай канцэнтрацыяй мігрантаў на беларуска-польскай мяжы, перадае балтыйскае інфармагенцтва BNS са спасылкай на кіраўніка МУС Агне Білатайце.

„Улічваючы сапраўды сур’ёзную сітуацыю, МУС прапануе ўвесці надзвычайнае становішча. Прапанова павінна быць разгледжаная ўрадам, павінна быць прынятае рашэнне”, — заявіла яна.
„Мы сочым за тым, што адбываецца на польска-беларускай мяжы, — дадала літоўская чыноўніца. — Вядома, гэта азначае, што мы таксама можам чакаць падобных уварванняў і нападаў, таму ўсе нашы дзяржаўныя органы максімальна падрыхтаваныя, <…> армія цяпер перадыслакавалася з улікам пэўнай спецыфікі [сітуацыі]”.
Паводле слоў кіраўніка Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Рустама Любаева, ёсць інфармацыя, што ў лагерах нелегальных мігрантаў у Літве могуць быць арганізаваныя беспарадкі.
Раніцай 8 лістапада ў тэлеграм-каналах з’явіліся відэазапісы таго, як вялікая калона мігрантаў рухалася ўздоўж трасы да мяжы з Польшчай. Іх суправаджалі людзі ў камуфляжнай форме.
Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі заявіў, што „на такі крок адчаю бежанцаў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў”. „Беларускім бокам прымаюцца неабходныя меры для забеспячэння бесперабойнага функцыянавання каналаў міжнародных зносінаў, а таксама бяспекі людзей, якія рухаюцца па аўтамагістралі”, — адзначылі ў камітэце.
Афіцыйны прадстаўнік Дзяржпагранкамітэта Антон Бычкоўскі паведаміў БелаПАН, што ў групе больш за тысячу чалавек. У такім маштабе яна была зафіксаваная ўжо „блізу дзяржаўнай мяжы”, дадаў ён.
Пры гэтым прадстаўнік камітэта не здолеў сказаць, ці ідзе гаворка толькі пра выцесненых раней з краін ЕС мігрантаў. „Пакуль не магу сказаць дакладна. Думаю, што сярод гэтай шматлікай групы ёсць і такія”, — зазначыў Бычкоўскі.
Афіцыйны прадстаўнік ДПК не здолеў таксама сказаць, куды накіроўваецца група: „Сітуацыя дастаткова хутка мяняецца. Мы прыкладаем намаганні, каб там забяспечваўся парадак і каналы міжнародных зносін, у прыватнасці пункт пропуску „Брузгі”, функцыянавалі без перабояў”.
„Я пакуль не магу сказаць, куды яны ідуць і якія ў іх планы. Адзінае, што ведаю: яны гавораць, што хочуць трапіць у Польшчу з мэтай атрымання статусу бежанца”, — дадаў ён.
Бліжэй да 13.00 у Дзяржпамежкамітэце паведамілі журналістам, што вялікая група мігрантаў пакінула тэрыторыю Беларусі і сышла ў Польшчу. Разам з тым польскія службы апублікавалі некалькі відэазапісаў, якія сведчаць аб тым, што мігранты сканцэнтраваліся ля збудаванай Польшчай загароды з беларускага боку.
Да таго прэс-сакратар міністра — каардынатара спецслужбаў, міністра ўнутраных спраў Польшчы Станіслаў Жарын напісаў у „Твітэры” пра паступленне „вельмі трывожнай інфармацыі з мяжы”. „У Беларусі, ля мяжы з Польшчай, сабралася вялікая група мігрантаў. Яны рушылі да мяжы Польшчы. Яны паспрабуюць масава ўварвацца ў Польшчу”, — заўважыў ён.
Прэс-сакратар падкрэсліў, што група складаецца ў асноўным з маладых мужчын, і дадаў, што пачалася „самая вялікая спроба ўвайсці ў Польшчу”.
„Паводле апошняй інфармацыі, гэтая масавая група мігрантаў знаходзіцца пад строгім кантролем беларускіх узброеных падраздзяленняў, якія вырашаюць, у які бок група можа ці не можа ісці. Гэта яшчэ адзін прыклад варожай дзейнасці рэжыму, скіраванай супраць Польшчы”, — дадаў ён.
7 лістапада нямецкі штотыднёвік Welt am Sonntag з спасылкай на звесткі нямецкіх спецслужбаў паведаміў, што зараз у Беларусь штодня прыбываюць 800—1.000 мігрантаў. Акрамя таго, паводле звестак выдання, Беларусь значна павялічыла колькасць авіярэйсаў з краін Блізкага Усходу — да сакавіка мінскі аэрапорт рыхтуецца штотыдзень прымаць прыблізна 40 рэйсаў са Стамбула, Дамаска і Дубая, што ўдвая больш, чым два гады таму. Паведамляецца таксама, што хутка для абслугоўвання рэйсаў з краін Блізкага Усходу могуць быць задзейнічаныя яшчэ пяць беларускіх аэрапортаў.
