МУС Літвы прапануе павялічыць тэрмін дзеяння пашпарта замежніка для беларусаў
Міністэрства ўнутраных спраў Літвы ў найбліжэйшыя дні ўнясе ў Сейм законапраект аб павелічэнні тэрміну дзеяння пашпарта замежніка, які выдаецца ў краіне, піша Reform.by са спасылкай на BNS.
Міністр Агне Білатайце ўхілілася ад прамога адказу на пытанне, ці ўтрымлівае праект змены ва ўмовах выдачы пашпарта. Цяпер яго могуць атрымаць замежнікі, якія з аб’ектыўных прычын не могуць аформіць дакументы на радзіме.
Раней міністарка выказвалася за тое, каб пашпарты замежніка выдаваліся «тым асобам, якія пацярпелі або падвяргаюцца пераследам з боку рэжыму», а каб гэты працэс працаваў, трэба падключыць да яго і Дэпартамент дзяржбяспекі.
Цяпер пашпарты замежніка выдаюцца на год. Дагэтуль у МУС краіны казалі, што тэрмін іх дзеяння могуць павялічыць да трох гадоў.