МУС Літвы: З тэрыторыі Беларусі не прапушчана больш за 2.500 нелегалаў
Літва і Польшча будуць садзейнічаць больш хуткаму змяненню міграцыйнай палітыкі Еўразвяза, заявіла літоўскі міністр унутраных спраў Агне Білатайце на сустрэчы з польскім калегам Марыюшам Каміньскім і яго намеснікам Барташам Градзецкім.
„Еўрапейскі звяз павінен неадкладна змяніць сваю міграцыйную палітыку. Нашы праціўнікі выкарыстоўваюць адны і тыя ж інструменты супраць абедзвюх дзяржаў, і мы заўсёды павінны быць гатовыя адбіць гэтую атаку”, — цытуе Білатайце прэс-служба МУС Літвы.
Паводле яе слоў, неабходныя хуткія рашэнні, каб даць членам ЕС сродкі для барацьбы з нелегальнай міграцыяй і гібрыднымі атакамі. Заканадаўства ЕС павінна прымаць хуткія меры для абароны як нацыянальнай бяспекі, так і бяспекі ЕС.
У паведамленні адзначаецца, што сітуацыя на літоўска-беларускай мяжы стабілізавалася, вернута больш за 2.500 нелегалаў, і гэтая палітыка сябе апраўдала, аднак „націск з боку Беларусі не слабее”, Літве, Польшчы і іншым краінам ЕС даводзіцца змагацца не толькі з арганізаваным прытокам мігрантаў, але і з „лавінай дэзынфармацыі”. І ў гэтай сферы неабходны калектыўны адказ, лічаць у Вільнюсе.
На думку польскага міністра Каміньскага, беларускі рэжым шукае новыя шляхі нелегальнай міграцыі і не збіраецца адступаць. Неабходна зрабіць усё магчымае, каб абараніць не толькі знешнія межы Польшчы і Літвы, але і ЕС. Польшча падтрымае Літву ў пошуку фінансаў для ўстаноўкі фізічнага бар’ера, сказаў Каміньскі.
БелаПАН
Фота: lt.sputniknews.ru