Мустафа Джамілеў: Расея рыхтуе ўварванне ва Украіну з Крыма



У Крыме адкрыта вядуцца размовы пра ціск на Украіну.  Пра гэта народны дэпутат, былы лідар Меджліса крымска-татарскага народа Мустафа Джамілеў заявіў у час дэбатаў па Украіне на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, паведамляе УНІАН. Паводле ягоных слоў, існуе пагроза, што з пачаткам ваенных дзеянняў у першую чаргу пачнуць знішчаць “пятую калону” ў самім Крыме:

– У першую чаргу тых  крымскіх татар, якія не прызнаюць законнасць анексіі Крыма. Існуюць спісы людзей, якіх у першую чаргу яны збіраюцца выкрасці або забіць. На тэрыторыі Крыма назіраецца вялікае скапленне ваенных сіл Расеі і адкрыта вядуцца размовы пра хуткі пачатак ваенных дзеянняў супраць Украіны з тэрыторыі паўвыспы. Так званы прэм’ер-міністр Крыма ў прэсе адкрыта заяўляе, што з Крыма будуць высланыя ўсе, хто не прызнае законнасць далучэння Крыма да Расеі. А гэта не што іншае, як пагроза паўторнай дэпартацыі і генацыда крымска-татарскага народа.

«Выказваем надзею, што сусветная грамадскасць і Рада Еўропы прымуць неабходныя меры, каб спыніць гэтыя злачынствы і вызваліць тэрыторыю Крыма ад незаконнай акупацыі”, – падкрэсліў Джамілеў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота news.liga.net