Музеі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы дамовіліся ў Беластоку аб супольным вывучэнні савецкіх рэпрэсій



У панядзелак, 12 снежня, у Музеі Памяці Сібіры ў Беластоку адбылася сустрэча дырэктараў гістарычных музеяў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі і Украіны.

Кіраўнікі ўстаноў падпісалі пагаденне аб супольным вывучэнні вопыту, звязанага з доўгатэрміновай камуністычнай акупацыяй. Спадзеў на далучэнне музеяў Беларусі да супольнасці ў будучыні агучыў дырэктар Цэнтра даследаванняў генацыду і супраціву грамадзян Літвы Арунас Бубніс:

– У сённяшняй Беларусі галоўны наратыў – гэта Вялікая Айчынная вайна. Мы яе называем Другой сусветнай вайной. Пакуль Лукашэнка ва ўладзе, то наўрад ці штосьці зменіцца ў бок большага ўзаемадзеяння з заходнімі краінамі. Не толькі з заходнімі, але і з Літвой, з балтыйскімі краіна, з Польшчай. Канешне, мы будзем рады, калі да гэтай рэгіянальнай супрацы, якую падпісалі ў Беластоку, у будучым далучацца і беларускія музеі, навуковыя інстытуты. Будзем вельмі рады.

Ад Украіны міжмузейнае пагадненне падпісала дырэктар Нацыянальнага музея Галадамору ад Украіны Леся Гасінджак, які знаходзіцца ў Кіеве. Ад Эстоніі далучыўся Музей акупацыі і свабоды, з боку Латвіі – Музей акупацыі, а ад Польшчы – Музай Памяці Сібіры. У межах пагаднення запланаваны сумесныя мерапрыемствы ў галіне навукі, культуры і адукацыі.

Беларускае Радыё Рацыя