Музей ксяндза Ежы Папялушкі паўстане ў Акопах у 2024 годзе
У Падляшскім музеі ў Беластоку быў прадстаўлены праект стварэння Музею ксяндза Ежы Папялушкі ў Акопах.
Пра канцэпцыю будучага музею распавёў пляменнік Папялушкі, віцэ-прэзідэнт Фонду “Дабро” Марк Папялушка:
– Гэтае месца ў Акопах мусіла паўстаць, бо каб пазнаць сапраўдную асобу ксяндза Ежы, трэба ведаць адкуль ён паходзіў, з кім жыў, дзе выхоўваўся. Для мяне вялікі гонар паведаміць, што хутка паўстане музей Ежы Папялушкі ў месцы, дзе ён нарадзіўся. Там, дзе ўсё пачыналася.
Агулам прыблізны бюджэт пабудовы Музею ксяндза Ежы Папялушкі ацэньваецца ў 15 мільёнаў злотых. Працы па ўзвядзенні могуць распачацца ўжо ў наступным годзе.
Вольга Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
