“Мы тут – жывыя носьбіты мовы”
Міра Лукша – адна з тых беларусаў Падляшша, якія не толькі вынеслі родную мову са сваёй сям’і, але і далей пашыраюць беларускае слова сярод як дзяцей, так і дарослых.
У творчым даробку паэткі, журналісткі тыднёвіка “Ніва” налічваецца 16 кніг як па-беларуску, так і па-польску. Пра гэта і не толькі размаўляем з літаратаркай у Міжнародны дзень роднай мовы.
– Родная мова ў мяне адна. Я пачала пісаць па-беларуску, першыя мае тэксты з’явіліся ў “Ніве” 45 гадоў таму. Можна сказаць, што юбілей майго дэбюту, і гэта добры кавалак часу майго беларускага жыцця.
РР: Калі кажам пра родную мову, увесь час звяртаемся да тэмы адукацыі на роднай мовы. Вы да гэтай справы таксама прыклаліся, шмат пісалі і пішаце для дзяцей, з’яўляюцца вашыя вершы ў ніўскай “Зорцы”. У мінулым годзе вы таксама атрымалі стыпендыю і на кнігу для дзецей па-польску…
– Гэтая кніга ўжо падрыхтаваная да друку. Яна такая лінгвістычная, адукацыйная, забаўляльная і называюцца “Żubr na zebrze”. Таксама па-беларуску для дзетак выйшла мая кніга нядаўна “Спеў дрэў”, вершы з якой пачаткова друкаваліся ў “Зорцы”. Агулам кніжак для дзяцей у мяне чатыры, а пятая яшчэ не трапіла да малога чытача. Мы друкуем вершы ў “Зорцы” перш за ўсё з мэтай прыроднай, гістарычнай і моўнай. Нашыя творы павінны вучыць нашага чытача.
РР: Ці пагаджаецеся тым не менш вы з тым, што першае месца, дзе дзіця павінна пачуць родную мову, – гэта сям’я?
– Так. Цікава, што ў маю родную хату прыйшлі адразу дзве, а нават тры розныя гаворкі. Мой тата – з Цісоўкі, а мама – з ваколіц Семяноўкі, з ускраіны Белавежскай пушчы. У нас заўсёды гаварылі „Не пайду за рэчку замуж, там другая старана. У нас гаворат “вуон”, “вана”, а „за рэчкай” кажуць „ён, яна”. Дарэчы, сама Семяноўка Нараўчанскай гміны – вельмі цікавае месца, таму што там гаворка, называюць яе і “ліцьвінская”, але, напрыклад, гаворка “семяноўская”, якая цяпер існуе, адрозніваецца ад той, якую даследаваў Курашкевіч у 1938 годзе. Там жывая мова, якая незабыўная, непаўторная з таго месца. І тое, што я апынулася ў такім месцы, вельмі ўплывала на маё развіццё, а тым больш літаратурнае.
РР: Не можам абмінуць тэмы Літаратурнай узнагароды прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага. Вы сёлета трапілі ў кароткі спіс намінантаў на атрыманне гэтай прэміі. Вас адзначылі за ўвесь творчы даробак з улікам кнігі “Радаслоў”. Прыгадаю, што ў 2013 годзе вы таксама намінаваліся на гэтую прэміі, тады з кнігай “Белы сток”.
– Таксама тады было пяць аўтараў у кароткім спісе. І можна сказаць, што я заняла тады другое месца, прайграўшы, дарэчы, крыміналу, напісанаму на беластоцкай мове. Тая кніжка хоць і была па-польску напісана, але яна беларуская па духу, бо там прысутнічалі беларускія месцы, беларускія асобы, я як беларуска. А кніга “Радаслоў” – гэта ўзнагарода мінулагодняга Сусветнага дня паэзіі UNESCO. Узнагарода – гэта выданне кнігі, якая звычайна выдаецца па-польску і па-ангельску, але я заўпарцілася, сказаўшы, што гэта павінна быць кніга польска-беларуская. Калі ўручалі мне гэтую ўзнагароду, то я сказала, што пішу на дзвюх мовах: першая – гэта польская, і другая – мова Вялікага Княства Літоўскага. Многія з прысутных не ведалі гэтага, не ўсведамлялі, што мы тут жывыя носьбіты тае мовы. І што кожнае слова, якое напішам тут, на Падляшшы, увогуле па-беларуску, яно важнае. Кожны піша як умее, але мы пішам свядома, працягваем нашу традыцыю і дзеля таго, каб не ўмерлі.
Дадамо, што пераможцу Літаратурнай узнагароды прэзідэнта Беластока імя Веслава Казанэцкага дазнаемся 23 сакавіка. 6 сакавіка ў беластоцкім клубе FAMA а 18-ай гадзіне адбудзецца сустрэча з намінантамі.
Міра Лукша – паэтка, пісьменніца, перакладчыца, журналістка тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва”. Сябра Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа” і Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя