Мясцовыя выбары ў Польшчы паўтораць?



Маршалак польскага Сейма Радаслаў Сікорскі назваў „скандальным даносам” скаргу партыі „Права і справядлівасць” на арганізацыю і вынік мясцовых выбараў у Польшчы.

Еўрапарламант не прыняў скаргу да разгляду, аднак прадстаўнік фракцыі Еўрапейскіх кансерватараў і рэфарматараў Рышард Чарнецкі ўпэўнены, што ў сувязі з мноствам парушэнняў, варта было б правесці мясцовыя выбары датэрмінова спалучыўшы з прэзідэнцкімі:

– З пункту гледжання фармальна-праўнага паўтарэнне выбараў з’яўляецца вельмі цяжкім, таму калі ёсць палітычная воля і жаданне выправіць сітуацыю, то ёсць рашэнне Сейма, каб гэтыя выбары правесці зноў. Варта правесці гэтыя выбары ў дзень прэзідэнцкіх выбараў, тады будзе высокая яўка, спадзяюся таксама, што яны не будуць такімі скандальнымі.

З ініцыятывай паўтору выбараў альбо скарачэння тэрміну самаўрадаў выступілі дзве апазіцыйныя партыі: „Права і справядлівасць” і „Саюз левых сілаў”. Спасылаючыся на Канстытуцыю, прэзідэнт Браніслаў Камароўскі пераконваў іх, што у святле існуючага заканадаўства гэта немагчыма, аднак тыя надалей шукаюць спосаб, каб дамагчыся непрызнання некарысных для іх вынікаў выбараў.

Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя