Мяжу Украіны з Беларуссю будуць дадаткова ахоўваць 8,5 тыс. сілавікоў



Мяжу Украіны з Беларуссю будуць дадаткова ахоўваць 8,5 тыс. супрацоўнікаў Дзяржаўнай памежнай службы, Нацыянальнай гвардыі і паліцэйскіх, паведаміў дэпартамент камунікацыі МУС Украіны.

11 лістапада мяжу з Беларуссю ў Валынскай вобласці наведаў кіраўнік міністэрства Дзяніс Манастырскі. Ён „праверыў стан аховы дзяржаўнай мяжы” і „месцы дыслакацыі дадатковых сіл”, разгорнутых „на кірунках патэнцыйнага руху незаконных мігрантаў з суседняй Беларусі”.

Паводле слоў Манастырскага, дадатковая групоўка складаецца з 3 тыс. супрацоўнікаў Дзяржпамежслужбы, 3,5 тыс. — Нацгвардыі і 2 тыс. — Нацпаліцыі. Будзе дзяжурыць авіяцыя МУС, у прыватнасці 15 верталётаў, якія „забяспечаць мабільнасць і пры неабходнасці будуць перакідваць сілы на мяжу”, заявіў міністр.

Ён зазначыў, што такія меры дазволяць стрымаць нелегалаў, аднак для комплекснага вырашэння праблемы ёсць толькі адно выйсце — будаўніцтва „надзейнай сучаснай інтэлектуальнай мяжы”.

„Украінскі рубеж не абсталяваны, таму ў найкарацейшыя тэрміны Украіна павінна ўзвесці „інтэлектуальную мяжу” з Расеяй і Беларуссю. Для фінансавання гэтага праекта спатрэбіцца 17 млрд грыўняў (654 млн даляраў ЗША.). Гэтыя сродкі будуць выдзелены з бюджэту”, — сказаў Манастырскі.

Кіраўнік Дзяржпамежслужбы Сяргей Дайнека паведаміў, што зараз пагрозы з беларускага боку мяжы няма. „Аднак наша служба разам з Нацпаліцыяй і Нацгвардыяй адпрацоўвае ўсе магчымыя сцэнары для таго, каб абараніць украінскую мяжу ад магчымай спробы прарыву, штучна арганізаванага натоўпамі мігрантаў”, — заявіў Дайнека.

Узмацненне Украінай аховы сваёй мяжы „ніякім чынам” не паўплывае на яе перасячэнне беларускімі грамадзянамі, сказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў відэазвароце 10 лістапада.

„Размова толькі пра міграцыйныя выклікі і пагрозы. Наша дзяржава гатовая да іх вырашэння і пераадолення”, — заявіў ён. Паводле слоў Зяленскага, узмацненне аховы мяжы з-за сітуацыі ў Беларусі было першым пунктам на пасяджэнні Рады нацыянальнай бяспекі і абароны 10 лістапада. Як паведаміў на брыфінгу сакратар РНБА Аляксей Данілаў, напярэдадні ў галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны прайшла „вялікая нарада” на гэтую тэму. З дакладамі выступілі міністры ўнутраных спраў і абароны, удзел у абмеркаванні ўзяў кіраўнік Дзяржпагранслужбы, прынятае „адпаведнае рашэнне”. „Гэта было ключавое пытанне, усе адпаведныя ведамствы атрымалі даручэнні”, — сказаў Данілаў. У выпадку абвастрэння сітуацыі на ўкраінска-беларускай мяжы „будзем дзейнічаць у адпаведнасці з заканадаўствам”, дадаў сакратар РНБА.