Мытнікі Латвіі і Беларусі дамовіліся пра аптымізацыю працы
Мытныя службы Латвіі і Беларусі абмеркавалі пытанні аптымізацыі працы пунктаў пропуску на мяжы. Сустрэча прадстаўнікоў Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі і мытнага ўпраўлення Службы дзяржаўных даходаў Латвіі адбылася 26 красавіка ў Верхнядзвінску.
Паводле інфармацыі Віцебскай мытні, удзельнікі сустрэчы зрабілі акцэнт на неабходнасці падтрымання рытмічнага прыёму транспартных сродкаў у сумежных аўтадарожных пунктах пропуску. Дасягнутая дамоўленасць пры наяўнасці вялікай колькасці на мяжы грузавых транспартных сродкаў забяспечыць прыём цераз пункты пропуску „Грыгараўшчына” — „Патэрніекі” максімальна магчымай колькасці грузавых транспартных сродкаў.
Прадстаўнікі дзвюх мытных службаў таксама абмеркавалі пачатую рэканструкцыю беларускага пункта пропуску „Урбаны” (сумежны латышскі — „Сілене”).
Як паведамлялася раней, у рамках праграмы трансмежавага супрацоўніцтва „Латвія — Літва — Беларусь” на 2014—2020 гады з удзелам Еўразвяза рэалізуецца буйны інфраструктурны праект — „Мадэрнізацыя пункта пропуску „Урбаны — Сілене”. Уклад Еўразвяза ў яго рэалізацыю складзе прыблізна 3,5 млн еўра.