Мытня ўзмацняе кантроль на мяжы. Што гэта значыць?



Мытня ўзмацніла кантроль на мяжы, у тым ліку ў дачыненні да фізічных асоб, піша auto.tut.by.

„Без усялякага папярэджання мытня дазваляе везці праз мяжу толькі ўжываныя рэчы і тавары, якія неабходныя ў дарозе”, — паведамілі чытачы, якія перасякалі мяжу з ЕЗ. У ДМК Беларусі растлумачылі, што нормы ўвозу тавараў засталіся ранейшымі, але кантроль на мяжы ўзмоцнены.

У ДМК Беларусі AUTO.TUT.BY распавялі, што пасля закрыцця суседнімі еўрапейскімі краінамі межаў зменшылася колькасць людзей, якія яе перасякаюць. Напрыклад, летась у суткі праз мяжу перасоўваліся каля 90 тысяч фізічных асоб, на сённяшні дзень — не больш за 20 тысяч. Але нягледзячы на змяншэнне колькасці грамадзян, на мытні адзначылі, што спробаў перамяшчэння наркотыкаў праз мяжу стала больш.

— З улікам сітуацыі, якая склалася на мяжы з Еўразвязам, беларуская мытня ўзмацніла мытны кантроль, у тым ліку ў дачыненні да фізічных асоб — якія вязуць праз мяжу тавары, — паведамілі AUTO.TUT.BY у прэс-службе ДМК. — Гэта зроблена для таго, каб не дапусціць перамяшчэння праз мяжу забароненых і абмежаваных тавараў, а таксама ўвозу камерцыйных партый тавару пад выглядам тавараў для асабістага карыстання.

Праверкі і адпаведныя рашэнні мытнікі прымаюць грунтуючыся на сістэме аналізу і кіравання рызыкамі. Гэтыя падыходы адпавядаюць нормам міжнароднага права і нацыянальным заканадаўствам аб мытным рэгуляванні.

Мытнікі адзначылі, што нормы перамяшчэння праз мяжу новых тавараў засталіся ранейшымі.