На арганізатараў Маршу „выклятых жаўнераў” падалі скаргу ў пракуратуру



На арганізатараў Маршу „выклятых жаўнераў” у Гайнаўцы падалі скаргу ў пракуратуру Варшавы. У анонсе нядзельнага шэсця ўтрымліваюцца заклікі да нянавісці, лічаць аўтары пазову – арганізацыя Obywatele RP.

Сёлета праціўнікаў маршу абурыў анонс мерапрыемства, размешчаны на Фэйсбук-старонцы нацыяналістычнай ініцыятывы «Падляшскі нацыянальны агляд». Аўтары допісу называюць Гайнаўку адзіным горадам у Польшчы, дзе ганьбіцца «добрае імя жаўнераў незалежніцкага падполля».

Сёння ў Гайнаўцы пройдзе рада горада, дзе між іншым, радныя плануюць прыняць заяву, у якой асуджаюць марш нацыяналістаў. Заява будзе накіраваная прэзідэнту Польшчы, у Сейм,  а таксама ўладам ваяводства.

Нагадаем, што раней з заклікам да бургамістра Гайнаўкі пра забарону маршу звярнуўся старшыня Беларускага саюза ў Польшчы Яўген Вапа. 

V Марш нацыянал-радыкалаў у Гайнаўцы пройдзе ў нядзелю 23 лютага. Яго ўдзельнікі ўшаноўваюць жаўнераў антыкамуністычнага падполля ў Польшчы. Адзін з цэнтральных герояў шэсця — Рамуальд Райс «Буры». Яго атрад адказны за забойства 79 беларусаў Падляшша.

Беларускае Радыё Рацыя