На беларуска-польскай мяжы па-ранейшаму напружаная сітуацыя (абноўлена)



Еўракамісія падрыхтавала ўнутраную справаздачу аб сітуацыі на беларуска-польскай мяжы і разьвіцці мігранцкага крызісу на тэрыторыі Беларусі і сумежных краін-удзельніц ЕЗ. Радыё Свабода прапануе самыя цікавыя моманты закрытага дакументу, які трапіў у распараджэнне рэдакцыі.

Дакумент ахоплівае перыяд з 25 кастрычніка па 8 лістапада 2021 году і спасылаецца на інфармацыю як агульнаеўрапейскіх службаў, гэтак і ўрадаў краін-чальцоў Еўразвязу.

Прыпыненне ўсіх прамых рэйсаў з Іраку ў Менск усё яшчэ працягваецца.

— З 24 па 30 кастрычніка было 5 рэйсаў з Сірыі (на 3 больш, чым на папярэднім тыдні), 1 з Лібану, 1 з Ярданіі і 11 з ААЭ ў Беларусь. Паводле інфармацыі, якую сабралі еўрапейскія агенцтвы разам з літоўскімі ўладамі, 29 кастрычніка 2021 году пяць аўтобусаў перавезлі мігрантаў з ірацкім, еменскім і сірыйскім грамадзянствам з Менску ў кірунку літоўскай мяжы. Аўтобусы суправаджаліся беларускімі міліцэйскімі машынамі.

Першапачатковы план быў у тым, што прыблізна 250–300 нерэгулярных мігрантаў разам незаконна перасякуць літоўскую мяжу ў адным месцы.

Польшча па-ранейшаму назірае ўзмацненне міграцыйнага ціску на мяжы з Беларуссю. Гэтыя спробы каардынуюцца праз сацыяльныя медыя (Twitter), дзе публікуецца інфармацыя пра тое, дзе і калі трэба збірацца мігрантам, каб сілавым шляхам трапіць у Польшчу. Гэтыя групы заахвочваюцца беларускімі спецслужбамі.

* * *
Straż Graniczna
апублікавала відэа мігрантаў у раёне Кузніцы: „Больш інструкцый ад беларускіх службаў, больш запісаў агітацыйных матэрыялаў. Выстаўляюцца дзеці, каб выклікаць яшчэ большыя эмоцыі”.

* * *

Nexta апублікаваў відэа, на якім бачна, як з фургона чалавек у форме раздае мігрантам ежу. За гэтым назіраюць іншыя сілавікі.

Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка таксамам апублікаваў відэа ў Twitter. На ім відаць, як мігранты змагаюцца за ежу, якую ім прынеслі беларускія салдаты. «Абуральна, што людзей прымушаюць да такіх абставінаў. Яны сталі ахвярамі цынічнага ўвозу мігрантаў праз Лукашэнку. Ён павінен быць прыцягнуты да адказнасці за свае злачынствы», – напісаў Вячорка.

* * *

Вялікая група са 150 чалавек спрабавала ноччу сілай прарвацца з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, гаворыцца ў паведамленні польскага МУС у Twitter. Акрамя таго, за мінулыя суткі польскія службы зафіксавалі больш за 450 спроб незаконнага перасячэння мяжы. У дачыненні да 42 замежнікаў былі вынесеныя пастановы з патрабаваннем пакінуць польскую тэрыторыю.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі з ЕЗ абвастрыўся ў панядзелак. У гэты дзень на ўчастак мяжы ў раёне Гародні прыйшлі тысячы мігрантаў у надзеі прарвацца ў Польшчу. Польскаму боку давялося павялічыць сілавую прысутнасць на мяжы. Літва ўвяла надзвычайнае становішча ў памежных раёнах. Прэм’ер Польшчы Матэвуш Маравецкі назваў сітуацыю на мяжы з ЕЗ „дзяржаўным тэрарызмам”. Еўразвяз тым часам заявіў пра гатовасць разгледзець чарговы пакет санкцый у дачыненні да афіцыйнага Менска ўжо на наступным тыдні.

Інфармацыя з беларускага боку. Дзяржаўны памежны камітэт паведамляе, што па стане на раніцу 11 лістапада каля польскай мяжы працягвае знаходзіцца больш за 2 тыс. бежанцаў, сярод якіх шмат жанчын і маленькіх дзяцей. На працягу сутак да стыхійнага лагера прыбылі некалькі невялікіх груп, агулам каля 200 чалавек. У цэлым, сітуацыя застаецца напружанай, канстатуюць у ДПК. “Умовы надвор’я, недахоп ежы і вады ствараюць пагрозу фізічнаму стану людзей, якія шукаюць абароны ў краінах ЕЗ. За мінулыя суткі непасрэдна ў лагеры бежанцаў аказана медыцынская дапамога двум жанчынам з-за пераахаладжэння і траўмы галавы. Таксама ўначы медыкі памежнай службы дапамаглі дзіцяці, у якога былі выяўленыя прыкметы пераахаладжэння. Распаўсюджаная інфармацыя аб выпадку гібелі сярод бежанцаў не адпавядае рэчаіснасці”, — адзначаецца ў паведамленні.

Беларускае Радыё Рацыя