На беларуска-польскай мяжы пабудуюць інтэрмадальны тэрмінал



Гэта будзе першая такая інвестыцыя ў Падляшскім ваяводстве. На беларуска-польскай мяжы пабудуюць інтэрмадальны тэрмінал для перагрузкі тавараў з грузавікоў на чыгунку.

Тэрмінал узнікне непадалёк памежнага пераходу Брузгі-Кузніца, па польскім баку мяжы. Інвестыцыю будзе рэалізаваць прадпрыемства «Barter SA» пры падтрымцы Маршалкоўскай ўправы Падляшскага ваяводства. У яе межах разбудуюць чыгуначны пуць ды пабудуюць склад кантэйнераў з патрэбным абсталяваннем для перагрузкі, кажа сябра ўправы прадпрыемства «Barter SA» Здзіслаў Лапіч:

Галоўная мэта — зменшыць дарожныя перавозкі а карысць чыгуначных, якія менш абцяжарваюць навакольнае асяроддзе, хутчэйшыя і якімі можна больш эфектыўна кіраваць у лагістычным працэсе.

Кошт будовы інтэрмадальнага тэрмінала складае больш чым 120 мільёнаў злотых. Вартасць дафінансавання з Рэгіянальнай аперацыйнай праграмы гэта 39 мільёнаў злотых. Інвестыцыя завершыцца ў сярэдзіне 2020 года.

Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток