На Беласточчыне стартуе праект дафінансавання адукацыйных курсаў



Чарговы набор у праекце «Боны на навучанне» пачынаецца 9 лютага. Дзякуючы яму жыхары між іншым Міхалова ды Дубровы атрымаюць грошы на павышэнне сваіх прафесійных кампетэнцыі. У межах праекта ахвотныя  змогуць выбраць сабе курсы прафесійнай падрыхтоўкі, замежных моў, якія амаль цалкам прафінансуе Еўразвяз. Уласны ўнёсак — толькі 12 адсоткаў коштаў такога курсу.

Падаваць заяўкі ў праграме зможа кожны дарослы жыхар Беластока і Беластоцкага ды Сакольскага паветаў, кажа прэзідэнт Тадэўш Трускаляскі:

— Гэтым праектам могуць карыстацца усе: і працуючыя і непрацуючыя могуць падаваць заяўкі на розныя формы дафінансавання, і на паслядыпломную адукацыю, і на курсы павышэння кваліфікацыі, на якія таксама кладзецца моцны націск.

Чарговы набор на дафінансаваныя курсы пачынаецца 9 лютага. Упершыню трэба зарэгістравацца на сайце bonynaszkolenia.pl і чакаць на старт праграмы. Вартасць аднаго дафінансавання не можа перавышаць 15 тысяч злотых. Сумма, прадугледжаная для размеркавання ў межах праграмы —  40 мільёнаў злотых.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток