На Чарнігаўшчыне псеўдапаліцэйскія дураць беларусаў
У Чарнігаве і вобласці з’явіліся фальшывыя паліцэйскія. Яны апранутыя ў чорную форму, якая вельмі нагадвае форму новай украінскай паліцыі, ездзяць на машынах з англамоўным надпісам POLICE, прытым расфарбоўка аўтамабіляў таксама нагадвае паліцэйскую, прадстаўляюцца “інспектарамі” і вымантачваюць у людзей грошы. Махляры нават маюць адпаведныя пасведчанні.
Ахвярамі самазванцаў найчасцей становяцца беларусы, якія па выходных прыязджаюць у Чарнігаў на мясцовыя рынкі і аптовыя базы.
Вось як каментуе сітуацыю Юніс Аскераў, чарнігаўскі грамадскі актывіст:
– Гэта была грамадская арганізацыя былога супрацоўніка ДАІ. Яны не маюць права ні на якую сімволіку, не маюць права на надпісы “Паліцыя” на машынах. Калі ёсць такія факты, адразу тэлефануйце ў СБУ ці набірайце “102”. Там абавязаны адрэагаваць. Мухляру, які папярэдне рыхтаваўся да такой аферы, вы не зможаце супрацьстаяць нават маральна.
Тым часам працягваецца набор у патрульную паліцыю Чарнігава. Новыя ўкраінскія паліцэйскія распачнуць патруляванне памежнага з Беларуссю горада ў лютым 2016 года.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота gorod.cn.ua