На Дайлідах адрамантуюць занядбаны будынак каля палаца Гасбахаў



У беластоцкім раёне Дайліды чакаюцца перамены. Адзін з васьмі дамоў па вуліцы ксяндза Станіслава Сухавольца, а менавіта № 25 D, будзе зноў абсталяваны пад жылыя памяшканні. Доўгі час дом стаіць занядбаны, усе вокны і дзверы ў ім забітыя дошкамі. Пры гэтым астатнія сем дамоў такога ж тыпу на гэтай вуліцы задзейнічаны, ва ўсіх ёсць жыхары. Яшчэ ў верасні 2017 году, як піша “Wyborcza Białystok” са спасылкай на прэсавага сакратара магістрату Агнешку Блахоўску, гэты аб’ект нерухомасці быў перададзены з дзяржаўнага фонду таварыству “Мы для Іншых”. Перададзены ён на нявызначаны тэрмін.

Як стала вядома, дом 25 D па вуліцы Сухавольца перададзены таварыству пры ўмове, што ён будзе выкарыстоўвацца выключна ў некамерцыйнай дзейнасці. Таварыства плануе зрабіць у доме рамонт і абсталяваць у ім памяшканні для сацыяльнай дапамогі. Прычым рамонт будзе зроблены за кошт новага арандатара.

Восем аднапавярховых дамоў на Дайлідах былі пабудаваныя ў канцы ХІХ стагоддзя Гасбахамі, чый палац знаходзіцца акурат побач. Адзін з васьмі дамоў перастаў выкарыстоўвацца і быў зачынены, усе вокны былі забітыя. Знешне дом не патрабуе радыкальнага рамонту, а вось унутры яго не ўнікнуць. Ужо неўзабаве тут пачнуцца работы. А пакуль здымкі нашага карэспандэнта, які сфатаграфаваў дом 25 D і суседнія дамы-блізняты, а таксама палац, пабудаваныя ў ХІХ стагоддзі нямецкім фабрыкантам Эвальдам Гасбахам.

Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток