На Данбасе баевікі збілі два ўкраінскія самалёты СУ-25



Сепаратысты збілі два баявыя ўкраінскія самалёты. Гэтую інфармацыю пацвердзіла Рада нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны. Штурмавікі СУ-25 былі збітыя ў раёне Саўра-Магілы на Данбасе.

Пасля збіцця малазійскага пасажырскага самалёта, сённяшнія атакі можна назваць працягам ваенных дзеянняў з боку тэрарыстаў, адзначае палітолаг Павел Усаў:

– Украінскія сепаратысты маюць дастаткова зброі, каб супрацьстаяць не толькі вайсковым сілам Украіны, але таксама і збіваць мірныя самалёты, што і было зроблена на мінулым тыдні. Увесь свет зразумеў, што насамрэч стаіць за смерцю пасажыраў „Боінга 777”. Праблема ўся ў тым, што рэакцыя Захаду, асабліва Еўропы кволая і пасіўная, што выклікае шмат пытанняў.

Збіццё ўкраінскіх самалётаў з’яўляецца парушэннем дамовы аб спыненні агню, якая дзейнічае з мінулага чацвярга. Раней сепаратысты паабяцалі выконваць яе да высвятлення прычын крушэння малазійскага самалёта.

[youtube id=”9R0zGSK3XqY”]

Каб кантынентальная Еўропа пачала рашуча супрацьстаяць сепаратыстам з Данбасу, расейскія ракеты хіба што мусяць даляцець да Берліну, – мяркуе Павел Усаў.

Менавіта Нямеччына, па меркаванні эксперта, адыгрывае ключавую ролю ў тармажэнні палітыкі санкцый у дачыненні да Расеі. Каб Еўропа дзейнічала ў гэтым пытанні больш актыўна, патрэбная кансалідацыя малых дзяржаў у вайсковы стратэгічны альянс, – кажа Павел Усаў:

– Я маю на ўвазе такія краіны, як Нідэрланды, як Польшча, як швецыя, як Чэхія, Славакія, Балгарыя, Венгрыя, Літва, Латвія, каб яны ў аднабаковым па сутнасці парадаку пачалі дапамагаць Украіне, не зважаючы на пазіцыю немцаў. Толькі, калі ўнутры Еўрапейскага звязу сфармуецца моцная стратэгічная нават вайсковая кааліцыя, нам можна будзе казаць пра пералом у палітыцы Еўропы.

Але пакуль што, як мяркуе Усаў, галоўную скрыпку гуляюць Англія, Францыя і Нямеччына, якія робяць усё, каб не сыходзіць у бок жорсткіх санкцый у дачыненні да Расеі.

Ганна Мордань, Беларускае Радыё Рацыя