На Гайнаўшчыне пратэстуюць супраць звалак
Жыхары Старога і Новага Ляўкова, Ахрымоў, Капітаншчыны, Ляшукоў і Міхнаўкі пратэстуюць супраць планаў мясцовых уладаў – ставарэння звалкі смецця на палях побач з населенымі пунктамі.
Як стала вядома Беларускаму Радыё Рацыя, павятовае стараства ў Гайнаўцы дазволіла беластоцкаму смеццеперапрацоўчаму прадпрыемству „МPО” стварыць звалку смецця на зямельным участку ў Старым Ляўкове.
Мясцовых жыхароў абурае тое, што рашэнне пра стварэнне звалкі было прынята без інфармавання і кансультацыі з імі ды з гміннымі ўладамі, кажа Міраслаў Пякарскі:
– Ужо падобная інвестыцыя была зроблена ў Саколцы, бо гэта скончыцца нелегальнай звалкай смецця. Нельга такога рабіць, але гэта будуць рабіць. Мы падазраем, што зробяць звалку смецця, а за гэтым ідзе заражэнне грунтовых водаў і гэтак далей. Гэта ўжо чарговая спроба „MPO”, якое з’яўляецца ўладальнікам прадпрыемства будаўнічай керамікі. Хацелі зрабіць раздзельны збор смецця, але людзі запратэставалі. Хацелі пабудаваць біагазавую ўстаноўку, таксама людзі супраць – заблакавалі. Якім правам стараста выдаў рашэнне не інфармуючы бліжэйшых суседзяў, гміну пра нейкія новыя інвестыцыі?
Падобная сітуацыя мела месца ў 2009 годзе на Бельшчыне, калі мясцовыя ўлады планавалі стварыць звалку смецця на полі, каля вёскі Дубяжын. Дзякуючы пратэстам жыхароў рашэнне было адкладзена.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота isokolka.eu