На Гайнаўшчыне пройдзе свята бульбы
У Ліпінах, што пад Гайнаўкай, адбудзецца VII «BULWAFEST». У планах мерапрыемства падзеі, розным чынам звязаныя з выкарыстаннем бульбы. Распавядае арганізатарка Кацярына Якубоўская з аб’яднання «Крыніца»:
– Будзе кубак войта ў здзіранні бульбы на час. Таксама будзем варыць куляшу з бульбы, якой будзем частаваць усіх удзельнікаў нашай імпрэзы. Будуць тэматычныя вясковыя майстар-класы: Ліпіны – вёска бульбы, Барысаўка – драўляная вёска, Дубіны – вёска асочніка. Выступленні тэатра «Шторм» са спектаклем «Ясь і Маўгося», рэжысёрам якога з’яўляецца Яанна Троц. Зоркай фэсту будзе выступ ансамбля «Малавіца» з Беларусі. Будзе добрая забава. Запрашаем.
Імпрэза завершыцца патанцоўкай на свежым паветры. Пачатак мерапрыемства ў суботу, 2 верасня, у 15:00 пад мясцовай святліцай у Ліпінах. Галоўнымі арганізатарамі VII «BULWAFEST» выступілі Аб’яднанне «Крыніца» і войт гміны Гайнаўка Люцына Смактуновіч.
Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя
