На Грабарцы пасадзілі дуб свабоды (абноўлена)



Прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі з жонкай Аннай ды Метрапалітам Варшаўскім і ўсёй Польшчы Савай супольна пасадзілі дуб свабоды. Святая гара Грабарка з’яўляецца адным з 25 месцаў у Польшчы, дзе прэзідэнт пасадзіў такі дуб. Кажа прэзідэнт Браніслаў Камароўскі:

–    Відаць, гэта добрае месца, каб сказаць, што вольнасць Польшчы, якую здабылі 25 гадоў таму, ёсць для нас і вольнасцю рэлігійнай.

25 дубоў – гэта 25 гадоў свабоднай Польшчы.

* * *

Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі прымае ўдзел у праваслаўным свяце. Другі раз у гісторыі Польскай Праваслаўнай аўтакефальнай царквы святую гару Грабарку наведаў прэзідэнт Польшчы. Прэзідэнт Браніслаў Камароўскі выразіў радасць у звязку са сваёй  прысутнасцю:

–  Я заўсёды маліўся тут за пераадоленне намі тых бар’ераў, якія нас дзеляць не толькі ў арганізацыйным плане, але і эмацыйным. У такіх месцах заўсёды лягчэй не толькі маліцца, але і дзейнічаць на карысць адзінства, людзей, супольнасці.

Зараз духавенства, госці ды вернікі  ўдзельнічаюць у галоўнай святочнай літургіі. Прэзідэнт Польшчы ў суправаджэнні іерархаў Польскай Праваслаўнай царквы пасадзіць на Грабарцы дуб свабоды – сімвал 25-годдзя свабоднай Польшчы.

[Not a valid template]

* * *

На святой гары Грабарка, што на Падляшшы, пачынаюцца галоўныя святкаванні свята Спаса. Пасля літургіі традыцыйна ўжо будуць асвячаны яблыкі і іншая садавіна, якую прынясуць вернікі. У гэты дзень проста немагчыма быць у іншым мецсы, як кажа дэпутат польскага Сейма Аляксандр Сасна:

–  Я думаю, што не толькі для мяне, але для кожнага праваслаўнага гэта месца, дзе можна чэрпаць энергію. Той, хто не прыехаў 18-19 жніўня на Грабарку, не мае залічанага царкоўнага года. Сюды трэба абавязкова прыехаць, тым больш сюды цягне.

У сёлетніх урачыстасцях Прэабражэння Гасподняга на Грабарцы возьме ўдзел і прэзідэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі, які ў суправаджэнні іерархаў Польскай Праваслаўнай царквы пасадзіць дуб свабоды, які стане супольным сімвалам 25-годдзя свабоднай Польшчы.

[Not a valid template]

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара