На курсах „Мова Нанова” ў Беластоку гаварылі пра ментальнае здароўе беларусаў



У хабе „Новая зямля” ў Беластоку прайшлі чарговыя заняткі курсаў „Мова Нанова”. Як звычайна, пасля практычнай часткі, была частка тэматычная. Гэтым разам гаварылі пра ментальнае здароўе, псіхалогію і псіхіятрыю. Пра тыя выклікі, з якімі былі вымушаныя сутыкнуцца беларусы за апошнія гады.

Госця заняткаў – псіхіятарка Кацярына Дзерман дала некалькі практычных парадаў, як захаваць сваю псіхіку ў такі складаны час.

-Калі чалавек адчувае, што ўжо зусім усё дрэнна, трэба не саромецца, а ісці да спецыялістаў, ісці да псіхолага, да псіхатэрапеўта. Трэба дбаць пра сябе, хоць колькі-небудзь займацца тымі справамі, якія прыносяць задавальненне, а не толькі чытаць навіны. Таму што ў нас дадатковая яшчэ ёсць траўма – гэта траўма сведкі. Мы фактычна зараз жывем у такі век, калі мы штодзённа можам у прамым эфіры назіраць забойствы, мёртвыя целы. Гэта ўсё не праходзіць бясследна. Таму, калі можна, трэба абмежаваць нават гэты прагляд навін да нейкага пэўнага часу. Такая інфармацыйная гігіена павінна быць.

Наступны занятак курсаў „Мова Нанова” адбудзецца ў панядзелак 27 сакавіка і будзе прысвечаны Дню Волі. А таксама ён пройдзе ў святочнай атмасферы і таму, што моўныя курсы адзначаць – першы год сваёй працы ў Беластоку.

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:

Юрась Дзяшук, Беларускае Радыё Рацыя