На курсах”Мова Нанова” ў Беластоку размаўлялі пра беларускіх жанчын
Чацверты раз ў Беластоку ў прасторы MediaPortBelarus адбыліся курсы «Мова Нанова». Гэтым разам разглядалі тэму «Жанчыны ў гісторыі Беларусі».
Вядоўца курсаў Наста Казановіч падзялілася сакрэтамі падрыхтоўкі да заняткаў:
– Мы дзелімся: хто робіць граматычную частку, хто моўную, хто гульню праводзіць. Частку самі прыдумляем, частку бяром, як тое рабіў Глеб Лабадзенка. Ёсць такі рэсурс «Мова Нанова». Там усе запісы заняткаў, метадалагічныя інструкцыі да іх, з той мэтай, каб гэтыя курсы пашыраліся.
Госцей курсаў была беларуская паэтка гішпанскага паходжання Анхела Эспіноса Руіс, якая расказала пра адметных для яе жанчын Беларусі, а таксама чытала вершы і адказвала на пытанні.
– Я ў Беластоку не ўпершыню. І я заўсёды паўтараю, што так, як сустракаюць мяне тут, не сустракалі яшчэ нідзе. І гэта спраўдзілася яшчэ раз. Вядома, прыемна, хвалююча. Цяпер запрашаюць у Вроцлаў. Спрабую дамовіцца. Паглядзім. Думаю, атрымаецца напрыканцы месяца. Я ведаю і люблю гэтыя курсы, і заўсёды падтрымліваю, калі ёсць такая магчымасць.
Заняткі пачаліся з хвіліны маўчання ў памяць першага кіраўніка незалежнай Беларусі Станіслава Шушкевіча. А таксама курсанты згадалі паэта Анатоля Сыса, які пайшоў з жыцця 17 гадоў таму 4 траўня.
Гучалі на занятках і песні – іх выконваў музыка і журналіст Ігар Палынскі, у тым ліку і на словы Анхелы Эспіносы Руіс.
Наступныя заняткі пройдуць праз 2 тыдні.
Беларускае Радыё Рацыя